Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: ДВА СЫНА ПЕРАД АЙЦОЎСКІМ ЗАГАДАМ (ХХХІ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю ў гэтай перадачы разважаць пра прыпавесці. Сёння мы прыгледзімся прыпавесці, якая мае назву “Два сына перад айцоўскім загадам”.

Агульныя звесткі пра прыпавесць

У гэтай выключна мацьвеевай прыпавесці – таксама як у папярэдняй – мы чытаем напрыканцы згадку пра Яна Хрысціцеля. Больш таго, гэта згадка ёсць варыянтам слоў Ісуса пра Прадвесніка, якія змешчаныя ў Лукі ў папярэдняй прыпавесці пра дзяцей на рынку, якую мы разважалі ў мінулай перадачы.

Менавіта ў мацвеевым пераказе дзеяў Ісуса ніжэй паданая прыпавесць утварае частку Ісусавых палемік, якія прыпадаюць на канец публічнай дзейнасці, у святыні, ужо пасля трыўмфальнаха ўваходу ў Ерусалім. Таму старадаўнія аўтары сцверджвалі, што Ісус апавядаў гэту прыпавесць ў Вялікі аўторак перад Сваімі Страсцямі.

Беспасрэдным уступам да прыпавесці з’яўляецца палеміка ў справе ўлады. На пытанне пра яе (гэта пытанне было пастаўлена тымі, хто меў права кіравання), Ісус адказвае ў сваю чаргу пытаннем: хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей? (Мц. 21:25). Гэтае пытанне прыперала да сцяны Ягоных апанентаў. Яны ўпадабалі адхіліцца ад прамога адказу ды адказалі так: Не ведаем (Мц. 21:27). Таму й Ісус таксама не адказаў на пытанне пра ўладу, але з’ілюстраваў прыпавесцю той працэс, які адбыўся ў Ягоных апанентах, якія адкідаюць Божую ініцыятыву, інструментам якой быў Ян. Давайце паслухаем саму прыпавесць:

Мц. 21: 28-32

28 «А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў: “Сыне, ідзі папрцуй сёння ў маім вінаградніку”.

29 А ён, адказваючы, гаворыць: “Не хачу”. А потым, узрушаны навяртаннем, выйшаў і пайшоў.

30 Звяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, гаворыць: “Іду, гаспадару”, — але не пайшоў.

31 Хто з дваіх выканаў волю бацькі?» Яны кажуць: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам: наперадзе вас мытнікі і распусніцы пойдуць у Валадарства Божае.

32 Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасці, і вы не паверылі яму. Вы, аднак, бачачы гэта, нават потым не навярнуліся, каб яму паверыць».

 

Некаторыя дэталі прыпавесці ды павучэнне

Вышэй пададзены тэкст у рукапісах мае пэўны варыянт. Менавіта галоўная розніца паміж двумя варыянтамі ў тым, да каго скіраваны першы загад айца разам з адказам. Не мае гэта асаблівага значэння, каб здабыць сэнс павучэння, бо рукапісы адпаведна замяняюць адказ апанентаў на пытанне Ісуса (“першы”, а не “другі”).

Вышэй пададзены тэкст, які адпавядае кодэксу В, таксама больш адпавядае гістарычнай сітуацыі ў Ісусавым застасаванні. Сапраўды так, бо найперш пакліканы былі тыя, хто меў у руках ключ разумення (Лк. 11:52). Але ў нашым беларускім перакладзе Бібліі а.Чарняўскага выкарыстаны акурат другі варыянт рукапісаў.

Вобраз прыпавесці ёсць вельмі вымоўным псыхалагічна. Што можа быць больш звычайным, чым загад сыну, каб той працаваў у айца ў ягоным уласным вінаградніку? Таксама і постаці двух сыноў вымоўныя ды зразумелыя. Старшы – крывадушна ветлівы, а насамрэч у поўні апанаваны сваёй лянотай. Малодшы ж – тыпова капрызнае і дрэнна выхаванае дзіця – мае ўсё ж добрае сэрца. Пасля часовага, можа аўтаматычнага бунту непаслухмянасці, ён хуткі на скруху. Пасля скрухі ж ён змяняе свае настаўленне на 180˚, пасля гэтага наступае паслядоўны чын – сын ідзе працаваць у вінаграднік.

Часамі тут, у гэтай прыпавесці бачылі чыстую алегорыю, у пераносным сэнсе тлумачачы ўсе тры постаці: айцец – гэта Бог, старшы брат – “праведнікі”, інакш фарысэі, малодшы – грэшнікі. Акрамя гэтага згодна з біблійнай традыцыяй вінаграднік павінен быў быць самім Царствам Божым.

У той жа час, другая з вышэйпададзеных метафар зусім не з’яўляецца такой пэўнай, калі возьмем пад увагу, што кантынгент правадыроў народу не супадаў прынамсі з партыяй фарысееў. Больш правільна бачыць тут чыстую прыпавесць, канешне бяручы пад увагу рэаліі гістарычнай сітуацыі Ісуса.

Такім чынам галоўнае павучэнне гучыць так: падобна як два сына, пакліканыя бацькам да працы, адказалі дыяметральна супрацьлегла, а потым супрацьлегла сваім адказам паступілі, г.зн. што нібы паслухмяны нічога не зрабіў, а той, што быў напачатку ўпартым, пасля раскаяння ў сваім бунце, выканаў загад, гэтак жа (абвешчанае Ісусам, а папярэдне Янам Хрысціцелем) Царства Божае сустракае супраціў нібы верных ізраліцянаў, а прымаецца навернутымі грэшнікамі.

На гэтым, шаноўныя сябры, я  — а.Андрэй Буйніч – развітваюся з вамі. Вы слухалі перадачу “З сэрцам у кантакце”. Лістуйце…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *