Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: два скрэсленыя доўга -2 (ХХVІІ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю у гэтай перадачы разважаць пра прыпавесць, якая называецца «Два скрэсленыя доўга». Нагадаю, што галоўнымі дзеючымі асобамі з’яўляюцца жанчына – яўная грэшніца ды фарысей Сімон. З гэтага апошняга і працягнем наш агляд прыпавесці.

Фарысей Сімон

Чарговая persona dramatis – фарысей Сімон, гаспадар гэтага застольля – трапна быў акрэслены пры дапамозе толькі некалькіх рысаў. Гэта чалавек, які напэўна шукае Бога, інакш навошта запрасіў да сябе Ісуса? Ён шануе Вучыцеля, называючы Яго Настаўнік (верш 40), аднак трымаецца ад Яго на пэўнай адлегласці.

Вера Сімона – поўная сумніваў. Дастаткова было, каб на ягоных вачах адбылася сцэна з яўнай грэшніцай, якая сябе дзіўна паводзіла, і адразу на ягоных вуснах з’яўляецца скептычная ўсмешка разам з ацэнкай: Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына… А ўжо далей ягоная фарысейская завужанасць не дазваляе яму правільна разважаць абыходзячы гэтую акалічнасць. Ён не прыходзіць да правільнай высновы, разумеючы, што Бог аб’яўляецца ў Ісусе Хрысце.

Кім была яўная грэшніца?

Не адзін чытач, калі яго запытаюць пра тое, кім была гэта яўная грэшніца, з лёгкасцю адкажа: дык гэта ж Марыя Магдалена. Па сутнасці, ад часоў св. Рыгора Вялікага аж да пераменаў, якія наступілі пасля Другога Ватыканскага Сабору, літургія Захаду, святкуючы свята Марыі Магдалены 22-га ліпеня, атаесамлівае тры асобы: нашую безіменную яўную грэшніцу з Марыяй, сястрой Лазара і Марыі, ды з Марыяй з Магдалы.

Гэта адносна позняя ідэнтыфікацыя не з’яўляецца слушнай. Традыцыя Ўсходу адмяжоўваецца ад яе, таксама як як экзэгеза, а ў апошні час і рымская пасабаровая літургія. Належыць прыняць, что маем справу з трымя асобнымі асобамі. Евангеліст Лука і Ян пра сястру Лазара гавораць толькі «Марыя», Лука ж ужо ў наступным раздзеле гаворыць пра Марыю Магдалену, зазначваючы толькі факт вызвалення яе ад дэманаў (Лк. 8:2), не ўзгадваючы пра грахі.

Маўклівая сцэна

Самі паводзіны ўзгаданай жанчыны былі, для прысутных на чале з гаспадаром, шакуючымі. Яна ўвайшла напэўна з намерам намасціць каштоўным алеем галаву Настаўніка, якога павінна была ўжо ведаць і якога з гэтай мэтай шукала, каб нейкім чынам выказаць Яму ўдзячнасць – за што – не ведаем.

Абураныя позіркі ўдзельнікаў застольля затрымалі яе, а быць можа таксама велічнасць Настаўніка (H. Schürmann), таму яна ўпадае каля Ягоных стопаў, пачынаючы плакаць і цалаваць Ягоныя стопы з удзячнасцю. Слёзы зноў жа трэба нечым выцерці, бо магчыма яны брудзяць Настаўніка? Забыўшыся пра правіла прыстойнасці, яна адкрывае галаву (а ў равінаў гэда было падставай для развода!) і воласы ўжывае замест ручніка.

Каштоўны алей вылевае ўласна на гэтыя стопы. Наступае доўгае маўчанне нечакана задзіўленых субяседнікаў і Ісуса. Ён дазваляе ёй усё гэта зрабіць, таксама як дазваляе гаспадару зрабіць ягоную рэфлексію адносна таго, што Ісусу не ведае, кім ёсць гэтая жанчына. Нарэшце Ісус звяртаецца да Сімана, даказваючы яму, што сам Ён ёсць Прарокам – і нават больш.  Кароткая ж прыпавесць, якой ён гэта ўсё паказвае, цалкам апраўдывае дзіўныя паводзіны навернутай грэшніцы.

Кароткая прыпавесць Ісуса

Сама кароткая прыпавесць і яе рашэнне Сімонам зразумелыя. Варта толькі прыгадаць, што «доўг» у Евангеллях часта азначае попрасту грэх (пар. напрыклад Лк. 12: 59; Мц. 6:12 [΄οφειλήματα — ofeilémata]; 18: 23-35). Таму ў прыпавесці крэдыторам ёсць сам Бог, а даўжнікамі – грэшнікі.

Такім чынам, павучэнне прыпавесці мы можам выразіць наступным чынам: падобна таму, як два даўжнікі з нясплачаным доўгам пасля вялікадушнага даравання ім ўсяго доўгу выказваюць удзячнасць крэдытору ў залежнасці ад памеру асабістага доўга, гэтак навернутая яўная грэшніца аказвае больш адзнакаў удзячнасці, чым фарысей.

Аднак сапраўдную цяжкасць у дадзеным тэксце стварае верш 47:  Дзеля таго кажу табе: адпускаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзлюбіла. А каму менш адпускаецца, той менш і любіць. У гэтым сказе прычынай з’яўляецца любоў яўнай грэшніцы, а наступствам жа – адпушчэнне грахоў. У той жа час з прыпавесці напрашваецца адваротная залежнасць: прычынай ў ёй ёсць дараванне доўгу, г.зн. адпушчэнне грахоў, а наступствам – удзячная любоў, выказаная праз чын. Над гэтым разыходжаннем разважалі пачынаючы ад старажытных часоў, аж па цяперашні момант.

Вялікі паток паасобных рашэнняў усё ж дзеліцца на две падставовыя сістэмы. Першая з іх імкнецца да захавання паслядоўнасці, шляхам іншага тлумачэння саюза ΄ότι (hoti), якому ў вышэйпададзеным перакладзе адпавядае «бо». Другая сістэма прызнае, што ход думкі разам з гэтым вершам мэтанакіравана збочвае са сваёй дарогі, ды пашырае сэнс павучэння, гаворачы пра ўзаемную сувязь паміж любоўю чалавека і прабачэннем з боку Бога.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *