Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: два скрэсленыя доўга -1 (ХХVІ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю у гэтай перадачы разважаць прыпавесці. Сёння я пачну распавядаць пра прыпавесць, якая называецца «Два скрэсленыя доўга».

Агульныя звесткі

 «Два скрэсленыя доўга» — гэта назва найбольш дакладна акрэслівае гэтую выключна прыналежную Луке прыпавесць, якой часамі даецца назва «яўная грэшніца і два доўга», або «тая, хто мела больш любові» (гэтыя назвы абумоўленыя бліжэйшым кантэкстам), або «два даўжнікі», што моцна прыгадвае іншых даўжнікоў з прыпавесцяў (Лк. 16:5-6; Мц. 18: 24.28).

За храналагічныя рамкі ўсёй падзеі разам з прыпавесцю, якая занімае яго цэнтральную частку, можна прыняць ужо трошкі пазнейшы чым уступны перыяд публічнай дзейнасці Ісуса, а значыць напэўна другі год. За мейсца падзеі трэба прыняць Галеею. Пакіньма больш важныя спробы знайсці жыццёвы кантэкст прыпавесці на канец, калі будзе мова пра редакцыю сённяшняга тэкста. Евангеліст-рэдактар тэксту хацеў прыпавесць спалучыць разам з падзеяй, а таму і мы пачнем ад прадстаўлення гэтага поўнага тэксту. Давайце паслухаем.

Лк. 7:36-50

36 Адзін фарысей запрасіў Яго да сябе на пасілак; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг.

37 І вось, адна жанчына, што была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён узлягае пры стале ў доме фарысея, прынесла алябастравую пасудзіну алейку,

38 ды, стаўшы ззаду каля ног Яго, пачала, плачцчы, слязамі абліваць ногі Яго і абцірала валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Яго і намашчала іх алейкам.

39 Бачачы гэта, фарысей, што запрасіў Я|го, падумаў, кажучы ў душы сваёй: «Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна – грэшніца».

40 І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сімоне, маю табе нешта сказаць». А ён гаворыць: «Настаўнік, кажы».

41 «Нейкі пазычальнік меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі – пяцьдзесят.

42 Калі не мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык які з іх больш удзячны яму?»

43 Сімон, адказваючы, сказаў: «Думаю, што той, якому болей дараваў». А Ён сказаў яму: «Добра ты рассудзіў».

44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сімону: «Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой, і ты не падаў Мне вады на ногі; а яна слязамі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла.

45 Ты Мне пацалунку не даў; а яна, як толькі ўвайшла, не перастае цалаваць ногі Мае.

46 Не намасціў ты галавы Маёй; а яна ногі Мае намасціла алейкам.

47 Дзеля таго кажу табе: адпускаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзлюбіла. А каму менш адпускаецца, той менш і любіць».

48 Сказаў затым ёй: «Адпускаюцца грахі твае».

49 І тыя, што ўзлягалі разам з Ім, сталі гаварыць між сабой: «Хто Ён, што нават грахі адпускае?»

50 Затым сказаў Ісус жанчыне: «Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі».

Уступная сцэна: застолле і яўная грэшніца

Маляўніча апісаная сітуацыя вымагае некалькіх тлумачэнняў, каб лепей ухваціць галоўную думку, што знаходзіцца ў сярэдзіне прыпавесці, а таксама мысль ўсёй сцэны, у якую Евангеліст-рэдактар умясціў прыпавесць.

Ісус неаднаразова прымаў запрашэнні на святочныя застоллі, што сцверджвае той жа Евангеліст (Лк. 7:34; 11:37; 14:1) ды іншыя (Мц. 26:6-7; Мк. 14:3; Ян. 12:2), падкрэсліваючы Ягоныя павучэння, якія даваў з такіх нагодаў. Пэўная важная падрабязнасць гаворыць пра святочнасць гэтага прыёму і шмат у гэтай сцэне тлумачыць. Зварот «узлёг» (κατεκλίθη — kateklithe) гаворыць пра ляжачую пазіцыю субяседніка, які спачываў на нізкай канапе, абапіраючыся на левы локаць, пры гэтым басыя стопы былі лёгка даступныя для ўваходзячых звонку. Да такога грэцка-рымскага звычаю габрэі дастасоўваліся толькі падчас святочных застолляў (з нагоды Пасхі, вясельля, памінак), затое да штодзённых пасілкаў сядалі за больш высокім сталом.

Яўная грэшніца з гэтай сцэны – гэта, як пераважна лічыцца, была прафесійнай прастытуткай, і гэтым зарабляла сабе на жыццё… Тут усёж не трэба спяшацца з высновамі, бо, не гледзячы на адчыненыя на вуліцу дзверы, служба гаспадара не впусціла бы такой асобы. Таксама цяжка дапусціць, каб звычайная правінцыйная прастытутка мела каштоўнае начынне з яшчэ больш каштоўным алекам у адрозненні ад «алівы» у вершы 46. Лука зрэшты ведае тэрмін «прастытутка», аднак тут ужывае слова грэшніца, якім карысталіся ахвотна равіны. Таму хіба належыць бачыць у яўнай грэшніцэ асобу з вышэйшага свету, але з моцна абцяжараным маральным рахункам, напрыклад, канкубінатам.

Дазвольце, шаноўныя сябры, на гэтым прыпыніцца. У наступнай перадачы мы працягнем разважаць гэту прыпавесць ды пазнаёмімся бліжэй з яшчэ адным героем нашай драмы – Сімонам.

На гэтым я развітваюся з вамі. Вы слухалі прерадачу «З сэрцам у кантакце»…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *