Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Дакучлівы прыяцель -2 (ІL)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці. Мінулы раз мы распачалі агляд прыпавесці пра  дакучлівага прыяцеля. Яна кароткая, таму дазволю сабе вам яе нагадаць:

Лк. 11:5-8

5 Затым гаворыць ім: «Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго апоўначы, і скажа яму: “Прыяцелю, пазыч мне тры хлябы,

6 бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і не маю чым яго прыняць”;

7 а той знутры адкажа, кажучы: “Не дакучай мне; дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае са мной у ложку, не магу ўстаць і даць табе”.

8 Кажу вам: нават калі не падымецца і не дасць яму дзеля таго, што з’яўляецца яго прыяцелям, дзеля яго дакучлівасці ўстане і дасць, колькі яму трэба».

Вобраз прыпавесці

Вобраз прыпавесці ўтрымлівае шэраг рысаў знакавых і важных для жыцця  на старажытным Блізкім Усходзе, на якія варта нам звярнуць увагу. Падарожнічалі тады пераважна ўначы, паколькі паход у дзень быў вельмі цяжкім з-за спёкі і пылу на благіх дарогах. Гасціннасць была і ёсць па сённяшні дзень святым абавязкам для людзей Усходу. Нас можа трошкі здзівіць  гэта бесцырымоннасць, з якой прыходзіць хтосьці ўначы, а нават чакае ў такой сітуацыі гасціннасці. Аднак  можа і не варта здзіўляцца, калі ўзяць пад увагу тое, што «чаканая» гасціннасць гаспадара, які памятаў пра святы закон, на практыцы не каштавала яму шмат.

Тры хлеба, пра якіх гаворыць прыпавесць – гэта дзённая порцыя для дарослага мужчыны. Гаспадар мог да гэтага дадаць некалькі алівак ці трошкі зеляніны – ды ўвесь пасілак. Аднак уласна хлеб быў галоўнай праблемай. У Палесціне жанчыны пяклі столькі хлеба, колькі сям’я магла спажыць за дзень, а пяклі яны штодзённа, без запасу.  У малой вёсцы ведалі, у каго выпадкова магло штосьці застацца з дзённай выпечкі. Адсюль упэўненасць гасціннага сябра ў тым, дзе ён без сумніву знойдзе неабходную порцыю хлеба.

Сцэна дыялогу утрымлівае адрабіну тонкага гумару, уласцівага Луке. Мы маем перад сабой аднапакаёвую хату з дзвярамі, якая ў дадатак акружана мурам. У муры ўбудавана брама, якая зачыняецца на ноч. Перад ёй стаіць прыяцель і стукае ў яе, ды павінен быў рабіць гэта адпаведна гучна, каб яго пачулі праз зачыненыя дзверы дома. У гэты момант унутры, у куце хаты, спіць уся сям’я, лежачы ў радок на матрацы з папіруса, які пасцеляны на глінянай падлозе. Дыялог такім чынам адбываецца ўголас праз усю даўжыню хаты з дадаткам прасторы, якая аддзяляе дом ад знешняга мура.

Дакучлівы прыяцель гаворыць ветліва і канкрэтна – няма чым яго папракнуць, вядома, акрамя таго, што ломіцца ў браму апоўначы. Адказ з нутра нельга акрэсліць, як ветлівы. Адразу здраджвае ён адсутнасць добрай волі, паколькі выкананне абавязку гасціннасці называецца «дакучаннем». Акрамя гэтага адказ ёсць непраўдзівы, бо як прычына падаецца:  не магу ўстаць, а гэта таму, што спяць дзеці.  Гэта не рэальная перашкода, бо працягваецца стуканне, дыялог адбываецца не проста ў поўны голас, але нават крыкам, таму дзеці ўжо не спяць. Замест не магу гаспадар павінен быў бы адказаць «не хачу». Затое ён не выкручваецца адсутнасцю хлеба. Хлеб ёсць, але добрай волі ў соннага няма. Чалавек, які стукае, добра ведае свайго прыяцеля, таму не спыняецца стукаць, ды дасягае сваёй мэты.

Павучанне прыпавесці

Як бачна, гэта чыстая прыпавесць, без цені алегорыі. Некаторым Айцам Царквы тры хлеба здаваліся метафарай. Аднак у іх сустракаецца гэта толькі для тлумачэння сэнсу ў душпастарскім кантэксце. Тэкст не ўказвае на метафары.

Адпаведна бачна, што павучанне прыпавесці будзе гучаць так: падобна таму, як прыяцель, які стукаў ў дзверы і ў неўласцівы час патрабаваў сяброўскай паслугі, нягледзячы на першапачатковую адмову, ды на далейшыя настойлівыя просьбы атрымаў пажаданую дапамогу, гэтак – а нават тым больш, па прынцыпу кантрасту – нашыя настойлівыя малітвы будуць выслуханыя Богам. Беручы пад увагу арамейскі арыгінал, які лёгка можна знайсці пад грэцкай маскай, у пачатковым пытанні, трэба аддаць перавагу павучанню пра Бога (перад правільнай высновай пра настойлівасць малітвы). І гэта павучанне такое: «Бог жадае быць турбаваным» (A.Calmet).

Не цяжка гэта павучанне  праілюстраваць евангелічнымі сцэнамі, у якіх сам Ісус выслухвае настойлівыя просьбы сірафэніцыйкі (Мк. 7:24-30; Мц. 15:21-28) і невідушчага (Мц. 9:27-31; Мц. 20:29-34; Лк.18:35-43). Можна знайсці таксама іншыя прыклады, у якіх больш выразна выходзіць на першы план дабрыня Ісуса, якая дзейнічае адразу. На некалькі словаў сваёй Маці, Ісус адказаў цудам у Кане Галілейскай (Ян.2:3-4), для Ісуса была дастатковай кароткая ды даверлівая просьба сотніка, каб аздаравіць яго слугу (Лк. 7:1-10; Мц.8:5-13), а расчулены самім выглядам, тых хто плакаў па памерлых, Ён двойчы ўваскрашае: юнака з Наін (Лк.7:13-15) і Лазара (Ян. 11:21-22, 32-44).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *