Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Дакучлівы прыяцель -1 (ХLVІIІ)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці. Сёння мы распачынаем разважаць пра групу прыпавесцяў, які распавядаюць, ілюструюць тое, якая павінна быць малітва.

Сапраўдныя сыны Валадарства

А. Аўгустын Янкоўскі раздзел сваёй кнігі, прысвечаны гэтаму пытанню назваў так: «Малітва сапраўдных сыноў валадарства Божага». «Адкуль узяліся «сыны» ў назве гэтай часткі?» — задае ён рытарычнае пытанне. Сапраўды, ці не лепей было б з паняццем «валадарства» асацыяваць або «падданых» або цалкам сучасных «грамадзян»? У той жа час уласна такое трошкі нечаканае супастаўленне сыны царства выступае ў двух месцах Евангелля Мацьвея. Іх параўнанне дазволіць нам абгрунтаваць таксама акрэсленне «сапраўдных сыноў».

Аповед пра сотніка з Кафарнаўма ўтрымлівае ў рэпліцы Ісуса такую пагрозу: Але кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду, і ўзлягуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным. А сыны Валадарства выкінуты будуць у цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў (Мц. 8:11-12). Відавочна, што сынамі валадарства ёсць тут габрэі, якія не маюць такой веры, як сотнік-язычнік, у тое, што Ісус ёсць Месіяй. Яны тыя, якіх ужо Ян Хрысціцель асцерагаў перад памылковай саманадзейнасцю ў само толькі цялеснае паходжанне ад Абрахама: і не жадайце сказаць у сабе: «Маем айца Абрагама». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў падняць сыноў Абрагаму (Мц. 3:9).

Такім чынам ёсць сапраўдныя «сыны Валадарства», інакш сыны той таямнічай рэчаіснасці, у якую мы ўваходзім, калі выбіраем Хрыста-Цара, бо ён сын Цара-Бога. Гэтыя сапраўдныя сыны валадарства атрымоўваюць яго, як дар ласкі добрага Айца. Ласка ёсць пачаткам іх прыналежнасці да Валадарства, ласка дазваляе ім трываць у ім да канца. Таму ў навуцы Госпада пра Валадарства не магло не быць тэмы пра малітву.

Гэтую тэму закранаюць дзьве прыпавесці, якія захаваў для нас толькі св. Лука, гэты Евангеліст, які асаблівы націск клаў у сваіх двух працах на малітву. Гэтымі прыпавесцямі з’яўляюцца: дакучлівы прыяцель (Лк. 11:5-8) і несправядлівы суддзя (Лк. 18:1-8), абедзьве аднаго тыпа, паколькі аднолькава збудаваныя па прынцыпу кантрасту. Абедзьве таксама ўтрымліваюць падобныя звароты, якія не сустракаюцца нідзе ў іншых месцах.

Дакучлівы прыяцель

Вышэй пададзеная назва прыпавесці на першае месца выводзіць таго, хто ўмее прасіць.  Аднак ёсць каментатары, якія паслядоўна  прытрымліваюцца прадугледжанага ў прыпавесці кантрасту, ды аддаюць перавагу назве, якая грунтуецца на падставе другой постаці, якая ў ёй з’яўляецца — «няветлівы сябар».

У кантэксце Лукі, прыпавесць гэта наступае непасрэдна пасля сцэны навучання вучняў малітве Ойча наш падчас падарожжа з Галілеі ў Ерузалім, і нібы з’яўляецца яе ілюстрацыяй. Давайце паслухаем саму прыпавесць, каб у гэтым пераканацца:

Лк. 11:5-8

5 Затым гаворыць ім: «Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго апоўначы, і скажа яму: “Прыяцелю, пазыч мне тры хлябы,

6 бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і не маю чым яго прыняць”;

7 а той знутры адкажа, кажучы: “Не дакучай мне; дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае са мной у ложку, не магу ўстаць і даць табе”.

8 Кажу вам: нават калі не падымецца і не дасць яму дзеля таго, што з’яўляецца яго прыяцелям, дзеля яго дакучлівасці ўстане і дасць, колькі яму трэба».

Час нашай перадачы не дазваляе нам распачаць аналіз прыпавесці, таму пакіньма яго да наступнай перадачы. Я ж на гэтым развітваюся з вамі, сябры.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *