Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: багацей ды ўбогі Лазар — 1 (ХХІІ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. Я, з дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, працягваю разважаць біблійныя прыпавесці. І сёння, у гэтай перадачы мы пачнем разглядаць прыпавесць пра багацея і Лазара.

«Багацей ды Лазар» – у пошуках паралеляў прыпавесці

У аўтараў сінаптычных Евангелляў ці гармоніі Евангелля выступае яна выключна ў евангеліста Лукі, ўваходзячы ў склад падарожжа да Ерусаліма, інакш кажучы: пад канец публічнай дзейнасці Ісуса. Давайце паслухаем тэкст самой прыпавесці.

Лк. 16: 19-31

19 Жыў адзін багаты чалавек, і апранаўся ў пурпур і вісон ды штодзённа бліскуча баляваў.

20 І нейкі жабрак імем Лазар ляжаў увесь у больках каля яго брамы

21 і прагнуў заспакоіць голад крошкамі, што спадалі са стала багацея, але ніхто яму не даваў, толькі сабакі прыходзілі і лізалі болькі яго.

22 І сталася, што жабрак памёр, і анёлы занеслі яго на ўлонне Абрагама; памёр таксама багацей і быў пахаваны.

23 І калі ў пекле быў ён у пакутах, узводзячы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і на ўлонні яго Лазара.

24 І, закрычаўшы, сказаў: «Ойча Абрагаме, злітуйся нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і замочыць язык мой, бо мучуся ў полымі».

25 І сказаў Абрагам: «Сыне, прыпомні, як ты ў жыцці сваім карыстаўся даброццямі тваімі, а Лазар гэтак жа благаццём; ён цяпер тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.

26 Да ўсяго гэтага паміж намі і вамі прорва вялікая, каб тыя, што хочуць адсюль да вас перайсці, не маглі, ані адтуль да вас перабрацца».

27 Дык гаворыць: «Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, —

28 бо маю пяць братоў, — каб засведчыў ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакут».

29 Кажа яму Абрагам: «Маюць Майсея і прарокаў; хай слухаюць іх».

30 Але ён сказаў «Не, ойча Абрагам, але калі хто з памерлых пойдзе да іх, навернуцца».

31 А ён гаворыць яму: «Калі не слухаюць Майсея і прарокаў, дык, каб і хто з мёртвых паўстаў, не павераць».

Гэта адзіная ў сваім родзе прыпавесць з’яўляецца з-за шматлікіх рацыяў прадметам жывых дыскусіяў аж да сёння. Яна не мае паралеляў у Сіноптыкаў, ані ў апакрыфічным Евангеллі Фамы, затое мае сваю аналогію ў егіпецкай казцы, перанесенай, з адпаведнай транспазыцыяй зместу, на палестынскую глебу, дзе атрымлівае постаць апавядання пра сына мытніка Бар Ма’яна.

У 60-х сярод экзэгетаў не бракавала прыхільнікаў дапушчэння, што з тых матэрыялаў Ісус зачэрпнуў сваю прыпавесць. Аднак не бракавала таксама і  тых, хто не пагаджаўся з такім поглядам. Яе мова і стыль належаць відавочна Луке, нават болей, яна змяшчае шмат аналогій паводле зместу з лагіёнамі і сцэнамі выключна Лукі.

Пры паверховым назіранні ў ёй кідаецца ў вочы нібы старазапаветны тон, без новых праменняў святла Добрай Навіны, далей кідаецца ў вочы, быццам бы толькі «геаметрычная» адплата за сам факт убогасці і багацтва, без уліку маральных сітуацый абодвух разгляданых у ёй постаццяў.

Урэшце падкрэсліваюцца ў ёй нібы дзьве вершыні, інакш дзьве незалежныя тэмы: радыкальная змена жыццёвых сітуацый пасля смерці ды неэфектыўнасць навяртання тых, хто не слухае Майсея і Прарокаў. Пад час каментавання мы прыкладзем намаганні, каб заняць сваю пазіцыю ў гэтых кантраверсіях, а таксама звярнуць увагу на самое заканчэнне, калі мова пойдзе пра Sitz im Leben.

Егіпецкая казка ды апавядання пра Бар Ма’яна

Пакуль мы абмяжуемся тут паданнем істотных пунктаў гэтай егіпецка-равіністычнай паралелі. Падарожжа Сі-Асырыса разам з бацькам (Seton Chaemwese) да краіны памерлых сканчваецца сказам: «Хто ёсць добры на зямлі, таму таксама ў краіне памерлых – добра; але таму, хто благі ёсць на зямлі, таму блага таксама і там».

Дзякуючы габрэйскім купцам з Александрыі, гэта казка на палестынскай глебе ператвараецца ў аповесць пра беднага вучонага ў Пісанні і Бар Ма’яне, сыне багатага мытніка. Вось яно: «Памёр Бар Ма’ян і было ўчынена яму такое пышнае пахаванне, што  ўвесь горад перапыніў працу, каб удзельнічаць у ім. Адначасова памёр таксама ўбогі вучоны ў Пісанні, а ніхто не даведаўся пра ягонае пахаванне».

Адказам на пытанне, як Бог мог дапусціць такую несправедлівасць, ёсць у апавяданні тлумачэнне, што справедлівай Божай адплатай мытніку за яго адзіны ў жыцці добры ўчынак (а быў ім пір для убогіх у горадзе багатых радцаў, якія адмовіліся прыйсці) — было гэтае пышнае пахаванне. Адзіны ж нейкі грэх вучонага ў Пісанні спрычыніўся джа таго, што ён не меў уласна годнага пахавання. Затое потым калега памерлага вучонага у Пісанні пабачыў у сне ўзнагароду, якую атрымаў ён у раі, багатым збыткам крыніцаў вады. У той жа час Бар Ма’ян стаяў на беразе ракі спрагнёны і дарэмна намагаўся да яе дацягнуцца.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *