Літургіка

8. ЛІТУРГІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ: БОСКАЯ ЛІТУРГІЯ ДЫ ТЫДНЕВАЕ КОЛА

У гэтым артыкуле мы адкажам на наступныя пытаньні:

—       Якое месца Еўхарыстыя (Боская Літургія) займае ў сутачным коле?
—        Якія характэрыстыкі мае Тыдневае кола?

Месца Боскай Літургіі

Звычайна Боская Літургія мае месца пасля шостай гадзіны, аднак на практыцы час можа мяняцца ў залежнасьці ад літургічнага перыяду. А. Бырыс Бабрынскій разважае пра гэта пытаньне ў сваёй кніжцы «Літургічнае жыцьцё» і прыходзіць да цалкам слушнай высновы, што:

«…Еўхарыстычная Літургія, зьяўляючыся цэнтрам літургічнага дня, ня мае ў ім уласнага сталага месца, паколькі не належыць да часу: яна ёсьць уварваньнем вечнасьці ў час. Гэта характарыстычная рыса Літургіі – выхад паза час – робіць магчымым уключаць Літургію ў розныя моманты сутачнага колу» (а. Бырыс Бабрынскій, «Літургічнае жыцьцё»).

Две традыцыі

Калі мова ідзе пра Еўхарыстычную Літургію, то трэба зазначыць што існуюць дзьве асобные традыцыі.

Першая традыцыя, якая распаўсюдзілася больш на захадзе і мае свае карані ў III-IV стагодзьдзях — гэта традыцыя штодзённай Еўхарыстыі. Другая традыцыя, якая распаўсюдзілася больш на ўсходзе – гэта традыцыя Еўхарыстычнай Літургіі ў нядзелю.

Зважаючы на факт таго, што Боская Літургія не належыць да сутачнага кола, то і даследчыкі-літургісты звычайна разглядаюць яе асобна. Вось чаму я таксама ня буду спыняцца на ёй падрабязна, прынамсі ў гэтым цыкле артыкулаў.

Тыдневае кола

Чарговым літургічным колам ёсьць тыдневае кола.  Нагадаю, што тыдневае кола характарызуецца тым, што зьмяшчае ў сабе літургічныя тэкты васьмі асобных тыдняў, якія сьпяваюцца на сваю ўласную мелёдыю – тон (па-цэркоўнаславянску глас). Адпаведна такіх таноў – восемь, адсюль і паходзіць назва кнігі, якая ўтрымліва гэтыя літургічныя тэксты – Актоіх (Parakletyk, васьмігласьнік). Агулам тэксты Актоіха разлічаны на 56 дзён багаслужэньня на працягу сямі дзён тыдня.

Сьпяваньне Актоіха распачынаецца пасля Пяцідзесятніцы і, па ўплыве васьмі тыдняў, гэтак прачытваюцца ўсе ягоныя тэксты. Такім чынам у літургічным годзе ёсьць такіх шэсьць цыклаў па восемь тыдняў. Іншымі словамі перыяд сьпяваньня Актоіха займае 48 тыдняў, у той час, як год мае ўсяго 52 тыдня.

Гэта адбываецца з-за таго, што пад час трываньня Пасхальнага кола (перыяду Вялікага Посту і ад Пасхі да Пяцідзесятніцы) Актоіх не сьпяваецца. Перад тым як больш паглыбімся ў вывучэньне актоіха, належыць сказаць некалькі словаў пра нядзелю, якая займае асаблівае значэньне ў хрысьціянскім багаслужэньні, а потым і пра іншыя дні тыдня.

Нядзеля

У адрозьненьні ад юдаізма, дзе тыдзень сканчваецца шабатам, у хрысьціянстве мы сьвяткуем нядзелю, як дзень у якім мы ўшаноўваем Уваскрасеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста.

А. Барыс Бабрынскій гаворыць у сваёй кніжцы, што нядзеля ёсьць: «персанафікацыяй яго Уваскраеньня і стану ўваскрасеньня ў Божым валадарстве». Нядзелю Айцы Царквы называюць першым і адначасова восьмым днём тыдня. Яна такім чынам ёсьць пачаткам і канцом тыдня.

Гэта вельмі сымвалічна: восьмы дзень бурыць і перакрачвае тыдневы цыкл, аб’яўляе нам сябе як дзень паза лікам. Лічба «8» у Новым Запавеце ўказвае на другое прыйсьце Ісуса Хрыста. Таксама  сьвята Пяціцзесятніцы утрымлівае гэту лібу – бо сьвяткуецца яна праз семь тыдняў і адзін дзень пасля Уваскрасеньня.

Падсумоўваючы сэнс нядзелі належыць паўтарыць, што яна ёсьць малой Пасхай, гэткай іконай, у цэнтры якой знаходзіцца Уваскрасеньне Хрыста.

Іншыя дні тыдня

Візантыйскай літургія надала тэалагічна-літургічны сэнс таксама і ўсім іншым дням тыдня. У суботу, па аналогіі да Вялікай суботы, у візантыйскай традыцыі ўзгадваюцца ўсе сьвятыя і памерлыя. У сераду і пятніцу ўзгадваецца крыж і Маці Божая пад крыжам. Чацьвер (па аналогіі да Вялікага Чацьвера) прысьвечаны апосталам і сьвятому Мікалаю Мірлікійскаму. У панядзелак узгадваюцца анёлы, а ў аўторак – сьвяты Ян Хрысьціцель.

Цікава, што ў адрозьненьні ад іншых літургічных колаў, тыдневае кола не зьяўляецца натуральным. Гэта значыць, што тыдню не адпавядае нейкі натуральны цыкл у прыродзе. Тыдневае кола – зьяўляецца цыклам тыпова рэлігійным, у аснове каторага знаходзіцца, першапачаткова, дзень адпачынку – шабат, а потым – дзень Уваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста. Дзень сьвяткаваньня шабату быў дадзены ў біблейскіх запаведзях самім Богам, таму можна сказаць, што тыдневае кола мае ў сабе боскую аснову.

Вядома, што ў гісторыі былі спробы зьмяніць такі боскі парадак, замяніць на чалавечы. Тыповым прыкладам можа быць «дэкада» францускай рэвалюцыі 1789 году. Аднак, відавочна і ў самім арганізме чалавека ёсьць унутраная неабходнасьць захоўваць запаведзі Божыя, таму тыдневы цыкл і надалей нам застаецца.

***

Праверачныя заданьні. Адкажыце на пытаньні:

—                   Чаму тыдневае кола не зьяўляеца натуральным?
—                   Што такое тон, колькі іх ёсьць, у якой кнізе іх можна знайсьці?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *