Літургіка

7. ЛІТУРГІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ: ПАВЯЧЭРНІЦА, ПАЛУНОШНІЦА, КАНАНІЧНЫЯ ГАДЗІНЫ

У гэтым артыкуле мы агульна распавядаем пра такія багаслужэньні сутачнага кола, як павячэрніца, палуношніца ды кананічныя гадзіны. Разам з ютраню і вячэрняй, яны твораць поўню багаслужэньняў сутачнага кола.

Павячэрніца

Павячэрніца (у лацінскай традыцыі completa) – гэта служба на заканчэньне дня. Мае яна характар пакутны, пакаянны. Перад тым, як ісьці на начны спачынак, мы гэтай малітвай аддаем сябе пад апеку Госпада Бога і Найсьвяцейшае Багародзіцы, дзякуючы за ўсе дабрадзействы, атрыманыя ў мінулы дзень, і просячы даць нам спакойны і бязгрэшны сон.

Павячэрніца бывае Малая і Вялікая. Вялікая павячэрніца належыць да групы вялікапосных службаў, хоць яна служыцца таксама напярэдадні сьвятаў Нараджэньня Хрыстовага і Богазьяўленьня, а таксама ў некаторых іншых выпадках, калі яна спалучаецца з Ютраньню. Праз усе іншыя дні году служыцца Павячэрніца малая.

Ноч зьяўляецца сымбалам непакою і суму, вось чаму ў першыя словы павячэрніцы (адразу пасля пакаяннага Пслалму 50) – гэта вершы з Псалму 69(70):

Божа, уваж просьбу маю аб дапамозе; * Госпадзе, пасьпяшы з дапамогаю мне.

Гэты верш, разам з ісусавай малітвай, быў найчасьцей ужываны ў ранняй манастычнай традыцыі. Быў ён улюбёнай малітвай Яна Касьяна Рымляніна, які жыў V стагодзьдзі, а сёньня ім распачынаецца літургія гадзінаў у лацінскім абрадзе.

Палуношніца

Палуношніца (греч. Μεσονύκτικον) – гэта багаслужэньне, якім моляцца ў палове начы; або пасля паловы, перад сьвітаньнем. Палуношніца таксама належыць да сутачнага кола. Галоўнай яе тэмай, якую можна прасачыць аналізуючы тэксты, зьяўляецца чаканьне другога прыйсьця Ісуса Хрыста.

Палуношніца – гэта старадаўняя служба. Узьнікла яна сярод першых хрысьціян, бо ноч для іх была найбольш бяспечным і вольным часам для малітвы. Сёньня яна захавалася практычна толькі ў некаторых усходніх манастырах. Палуношніца бывае штодзённая, суботняя ды нядзельная. Штодзённая палуношніца з плальма 50, псальма 118, сымбала веры і сьпеву «Вось Жаніх ідзе апоўначы»:

Вось Жаніх ідзе апоўначы, і шчасьлівы той слуга, каго Ён знойдзе нядрэмным; нягодны ж той, каго засьпее бязьдзейсным. Дык глядзі, душа мая, не засьні сном ленасьці, каб ня быць аддадзенай агню і не застацца вонках Валадарства, але ачуняй і кліч голасна: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы збаў нас.

Пасля гэтага сьпеву чытаюцца псалмы 120, 133 ды трапары. Вось такое кароткае апісаньне палуношніцы штодзённай.

Кананічныя гадзіны – першая гадзіна

У сутачнае кола ўваходзяць Кананічныя гадзіны. Нагадаю, што існуюць першая, трэцяя, шостая і дзевятая гадзіны. Чытаюцца яны павінны адпаведна ў семь, дзевяць, дванадцаць і пятнадцаць гадзін (дадаем шэсьць гадзін, калі прымаем, што першая гадзіна – гэта наша сёмая гадзіна раніцы). Аднак часта, асабліва ў манастырах, гадзіны спалучаюцца з іншымі багаслужэньнямі сутачнага кола, ці чытюцца па дзьве гадзіны запар.

Першая гадзіна можа чытацца адразу пасля ютрані. У такім выпадку скарачаецца звычайны пачатак і пачынаецца чытацца з малітвы «Прыйдзiце, паклонімся Цару нашаму Богу. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Цара нашага і Бога. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Цара і Бога нашага».

Далей чытаецца Псалм 5, які ўяўляе з сябе ранішнію малітву даверу да Бога:

Пачуй, Госпадзе, словы мае, * да ўздыханьняў маіх прыслухайся.

Будзь уважлівы да голасу малітвы маёй, Уладару мой і Божа мой! * Бо да Цябе, Госпадзе, малюся:

На досьвітку пачуй голас мой, * на досьвітку стану ў чаканьні перад Табою.

Наступны Псалм 89(90) падкрэсля крухасьць чалавека і разам з гэтам яго пакліканьне да паяднаньне з Богам:

Не аддай чалавека на паніжэньне; * Ты ж сказаў: „навярніцеся, сыны людзкія!“

Бо тысяча гадоў у вачох тваіх, быццам дзень учарашні, што прамінуў, * і як страж начны.

Марныя будуць гады іх: * яны прамінаюць, як трава, што раніцай зацьвіце і пройдзе, а вечарам ападзе, завяне і ссохне.

Нарэшце чарговы Псалм 100 (101) гаворыць пра чысьціню сэрца:

Я прагнаў таго, * хто патаемна абмаўляе бліжняга свайго; я ня еў разам з тым, * у каго гордае вока і ненасытнае сэрца.

Вочы мае на верных зямлі, * каб ім жыць са мною. Хто ішоў дарогай беззаганнай, * той мне служыў.

Трэцяя, шостая і дзевятая гадзіны

Трэцяй гадзінай звычайна моляцца каля дзевятай гадзіны раніцы. У гэтай малітве Царква ўзгадвае зыход Сьвятога Духа на Апосталаў у дзень Пяцедзесятніцы. Знаходзяцца тут Псалом 16(17), Псалом 24(25) і пакутны Псалом 50(51).

Шостай гадзінай належыць маліцца каля поўдня. Прыгадвае яна сваімі тэкстамі пра ўкрыжаваньне Госпада наша Ісуса Хрыста. Тут знаходзяцца месіянскі Псалом 54(55), які вельмі дарэчы апісвае пачуцьці здраджанага Хрыста:

Калі б мяне скрыўдзіў вораг, я б сьцярпеў; * і калі б той, што ненавідзіць мяне, пышыўся перада мною, я б схаваўся ад яго.

            Але ты, чалавеча аднадумны, * настаўнік мой і знаёмы мой,

З якім разам дзялілі слодыч застольля, * разам хадзілі ў дом Божы.

            […]

Я ж клікаў Бога, * і Госпад пачуў мяне.

            Увечары, раніцай і апоўдні буду казаць і абвяшчаць, * і Ён пачуе мой голас.

Далей ідзе Псалом 90(91), у якім сустракаем такія словы:

Не збаішся жаху начнога, * ні стралы, што ляціць удзень;

Ні страху, што крыецца поцемкам; * ні напасьці і беса паўдзённага.

«Бес паўдзённы» азначае асабліва моцную спакусу, сухасьць. Пслалом апісвае перамогу над спакусамі Хрыста, а за ім хрысьціяніна, які ідзе за ім ўслед:

На аспіда і базыліска наступіш * і патопчаш льва і зьмяю.

Дзевятая гадзіна (моляцца ёй каля 15 гадзіны) прыгадвае пра сьмерць Ісуса на Крыжы. Псалом 83(84) гаворыць, што нягледзячы ні на што, крыніцай шчасьця і надзеі ёсьць Бог:

Душа мая ўздыхае і тужыць па дварах Гасподніх, * Сэрца і цела мае ўзрадаваліся ў Богу жывым.

            Бо і верабей знахойшоў жытло сабе , * і галубка гняздо, дзе пакласьці птушанятаў сваіх, ля аўтароў тваіх, * Уладару мой і Божа мой.

            Шчасьлівыя, што жывуць у доме тваім, Госпадзе: * вечна будуць яны славіць Цябе.

Шчасьлівы той, хто мае Цябе памочнікам, Госпадзе, * хто ў сэрцы наважыўся ўзысьці да сьвятыні,

ідучы далінаю плачу да месца прызначэньня; * бо там Заканадавец дасьць блаславеньне.

            […]

Госпаде сілаў, * шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца.

Іншыя малітвы на гадзінах

Акрамя звычайнага пачатку ды групы трох псалмоў, да структуры кожнай гадзіны належаць таксама блок трапароў, блок малітваў ад «Сьвяты Божа» па «Ойча наш» уключна і 40 разоў малітва «Госпадзе, зьмілуйся». Пасля яе чытаецца малітва «Доўгацярплівы, шматміласэрны і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа» (па славянску — «Иже на всякое время»). Гэта малітва прыпісваецца аўтарству сьв. Васіля Вялікага, але ня ўсе Часасловы яе ўтрымліваюць. Напрыклад у сучасных грэцкіх тэкстах яна адсутнічае. Зрэшты ёсьць яна вельмі прыгожай і зьмястоўнай:

Доўгацярплівы, шматміласэрны і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную гадзіну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую гадзіну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё нашае да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, розум выправі, думкі ачысьці; выбаў нас ад усялякага суму, болю і ліха; ахіні нас сьвятымі Тваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, дасягнулі еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты – блаславёны на вякі вякоў. Амін.

 Пасля гэтай малітвы наступае заканчэньне і водпуст. Водпуст на кожнай гадзіне папярэджвае малітва, якая нібы падсумоўвае тэматычныя разважаньні. Для прыкладу прачытайце малітву, што зьмешчана на дзевятай гадзіне, на якой мы ўзгадваем пра сьмерць Ісуса Хрыста на Крыжы:

Уладару Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, даўгацярплівы да нашых правінаў, Ты прывёў нас аж да гэтай гадзіны, калі, вісячы на жыцьцядайным дрэве, Ты разумнаму разбойніку ўчыніў уваход у рай і разбурыў сьмерцю сьмерць. Ачысьці нас грэшных і нягодных слугаў Тваiх, бо мы зграшылі і чынілі беззаконьне, і нявартыя ўзьняць вочы нашыя і глянуць на вышыню нябесную, бо мы пакінулі дарогу праўды Тваёй і хадзілі, куды вяло нас сэрца нашае. Але молім Тваю бязьмерную дабрыню: пашкадуй нас, Госпадзе, паводле мноства міласьці Тваёй і збаў нас дзеля імя Твайго сьвятога, бо дні нашыя прапалі ў марнасьцi. Вызвалі нас з рукі праціўніка, адпусьці нам грахі нашыя, i умярцьві цялеснае нашае мудраваньне, каб мы, адклаўшы старога чалавека, у новага апрануліся і жылі дзеля Цябе, Уладара і Дабрачынца нашага; і вось так ідучы за тваімі прыказаньнямі, дасягнулі вечнага супакою, дзе ёсьць жыльлё для ўсіх тых, што радуюцца. Бо Ты – сапраўды праўдзівая радасьць і весялосьць тых, што любяць Цябе, Хрысьце Божа наш, і Табе ўзносім славу, з беспачатным Тваім Айцом i з усесьвятым, добрым i жыватворчым Тваім Духам цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

 ***

Праверачныя заданьні. Адкажыце на пытаньні:

—                   У які час моляцца кананічнымі гадзінамі?

—                   Якім чынам першая гадзіна можа спалучацца з ютраню?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *