Літургіка

6. ЛІТУРГІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ: ЮТРАНЬ – ДЗЕННАЯ ЧАСТКА

У гэтым артыкуле мы адкажам на пытаньне:

—                   З якіх элементаў складаецца апошняя дзенная частка ютрані?
—                   Што такое біблійныя песьні?

Канон ютрані

Слова «канон» (греч. Κανών), як вядома мае некалькі значэньняў. Адно з тэалагічных значэньняў – гэта «прынцып дысцыпліны», нязменны збор законаў, кананічнае права. Мова ідзе пра правілы Царквы, якія кіруюць нашымі паводзінамі, накладваюць абмежаваньні і ўмовы (напрыклад яны могуць тычыцца ўдзеляньня таямніцаў (сакрамантаў)). Таксама яны могуць акрэсліваць структуру Царквы, напрыклад, падзел на метраполііі, дыяцэзіі, экзархаты і г.д.

Таксама слова канон можа ужывацца ў значэньні слова правіла. Гаворым у Царкве, напрыклад, пра малітоўнае правіла. У візантыйскай літургіі словам канон называюць паэтычныя ўтворы, які сьпяваюцца пад час ютрані ды павячэр’я (у лацінскай літургічнай традыціі павячэр’е называецца камплета). Гэтыя ўтворы ўзьнікалі паступова, пачынаючы з VI i VII веку, канчатковую ж форму прымаюць у X і XI стагодзьдзях.

Такім чынам канон ютрані ёсьць паэтычным творам, які складаецца з дзесяці песень. Кожная песьня звычайна павінна быць папярэджанна гімнам або г.зв. Біблійнай песьняй (кантыкам, паэтычным фрагментам Сьвятога Пісаньня). У сучаснай практыцы біблійныя песьні сьпяваюцца толькі пад час Вялікага Посту. У іншыя дні ўжываецца толькі адна біблійная песьня – сьпеў Багародзіцы (Magnificat) з прысьпевам:

Прысьпеў: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

 Напачатку ў гэтым месцы ютрані замест канонаў ўласна ўжываліся толькі біблійныя песьні. З цягам часу іх паступова замянілі гімнаграфічнымі кампазіцыямі. З аднаго боку мы, канешне, набылі цудоўныя літургічныя гімны, з другога, нажаль, перасталі на ютрані маліцца біблійнымі песьнямі – тэкстамі Сьвятога Пісаньня.

Перад намі, хрысьціянамі бізантыйскай традыцыі, напэўна ўзьнікае досыць актуальнае пытаньне, якое тычыцца дарэчы ня толькі ютрані: як пагадзіць у літургіі сутачнага кола вялікую колькасьць біблійных фрагментаў з ня меншай колькасьцю гімнаграфічнага матэрыяла?

Біблійныя песьні

Давайце больш уважліва прыгледзімся да біблійных песен.

Песьня першая (Вых. 15: 1-19) – гэта песьня Майсея, якую ён склаў пасля пераходу ізраільскага народу праз Чырвонае мора. Прачытаю вам пачатак гэтай біблійнай песьні паводле перакладу на беларускую мову а. Аляксандра Надсана:

Прысьпеў: Сьпявайма Госпаду, бо Ён уславіўся.

 Каня і вершніка Ён скінуў у мора.

Памочнік і апякун мой стаўся маім збаўленьнем. ЁнБог мой, і я ўслаўлю Яго; Бог айца майгоі буду ўзьвялічваць Яго.

Госпад магутны ў вайне, Госпадімя Яго.

Другая песьня (Паўт. Зак. 32:1-43) таксама зьяўляецца гімнам Майсея, які ён прамовіў незадоўга перад сваёй  сьмерцю на гары Абарым, з якой ён глядзеў на абяцаную зямлю Ханаан.

Трэцяя песьня (1 Сам. 2:1-10) – гэта малітва Ганны, маці прарока Самуіла, якая нарадзіла дзіця, нягледзячы на тое, што была бясплодная.

Чацьвёртая песьня (Абак. 3:2-19) – гэта малітва прарока Авакума, пятая песьня – малітва прарока Ісаі (Ісая 26:9-19).

Шостая песьня (Ёна 2:1-7) зьўляецца таксама пасхальнай песьняй і сьпяваецца на вячэрняй Вялікай Суботы. Ёсьць яна малітвай прарока Ёны, калі той быў вызвалены з нутра рыбы, якая яго праглынула: «У бядзе маёй я клікаў Госпада, і Ён адгукнуўся мне; з нутра апраметнай гукаў я, і Ты пачуў голас мой».

Песьні сёмая і восьмая знаходзяцца ў адным раздзеле Кнігі Прарока Даніэля (Дан. 3:26-45; 3:52-90). Гэта песьні трох юнакоў у распаленай печы ў Валілоне, яны сьпяваюцца таксама на вячэрні Вялікай Суботы:

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі;

Блаславёнае імя хвалы Тваей, слаўнае і ўсяхвальнае на ўсе вякі.

Блаславёны Ты ў сьвятыні хвалы Тваёй, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі.

Таксама:

Блаславіце Госпада, ўсе творы Гасподнія, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі.

Блаславіце Госпада, анёлы Гасподнія і нябёсы, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі.

(…)

Блаславіце Госпада, духі і душы праведных, чыстыя і пакорлівыя сэрцам, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі.

Блаславіце Госпада, Ананьня, Азарыя і Місаіл, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі.

Дзевятая песьня зьяўляецца кампазіцыяй двух евангелічных сьпеваў: гімну Багародзіцы (Magnificat), калі яна сустрэла Альжбэту (Лк. 1:46-55) і сьпеву Захарыі (Benedictus), калі той, пасля нараджэньня сына свайго – Яна, змог гаварыць (Лк. 1:68-79).

Кандак, ікас і сінаксар

У папярэдняй перадачы я распавёў агульна прак канон ютрані ды біблійныя песьні. Можна б было і перайсьці да начтупнай часткі ютрані, аднак у рамках канону належыць некалькі словаў сказаць пра кандак з уласным ікасам ды сінаксар, якія зьмяшчаюцца паміж шостай і сёмай песьняй канону.

Кандак з ікасам зьяўляецца адной з найстарэйшых гімнаграфічных частак бізантыйскай ютрані. Першапачаткова кандак уяўляў з сябе цэлую паэму. Аўтарам гэтага гімнаграфічнага гатунку быў дыякан, які жыў напрыканцы V і пачатку VI стагодзьдзяў – Раман Салодкапевец.

Пасля кандаку з ікасам бывае чытаньне сынаксару (што ў сучаснай практыцы звычайна апускаецца). Сынаксар паходзіць ад грэцкага συναξάριον — збор і фактычна зьяўляецца зборам сьціслай інфармацыі пра сьвята ці пра сьвятога дня. Сынаксарыі знаходзяцца ў мінэях ды ў поснай і кветачнай трыёдзях.

Сьвяцільны і экзапастыляр

Пасля канону бывае малая экценьня ды сьвяцільны або экзапастыляр. Сьвяцільны (гр. fotagogika — «тое, што вытварае сьвятло») – гэта сьпеў, які абвяшчае сьвятло. Напрыклад, падчас Вялікага Посту ёсьць вось такі сьвяцільны другога тону, які пачынаецца словамі: «Вечнае сьвятло Тваё спашлі, Хрысьце Божа, і прасьвятлі тайныя вочы сэрца майго, Госпадзе…».

Экзапастыляр — паходзіць ад грэцкага слова, якое азначае «пасылаць», але па сутнасьці замяняе сьвяцільны ў нядзелі. Экзапастылярыі па свайму зьместу зьяўляюцца парафразамі нядзельных фрагментаў Евангельля, якія чытаюцца на ютрані. Можна сказаць нават болей, што гэтыя парафразы распавядаюць менавіта пра рэакцыю вучняў на Ўваскрасеньне Хрыста. Быць можа гэтым фактам можна патлумачыць іх назву. Такіх экзапастыляраў – адзінаццаць, адпаведна колькасьці нядзельных евангельлеў. Вось прыклад такога гімну:

Шлях і Жыцьцё, Хрыстос, устаўшы з мёртвых, спадарожнічаў Кляопу і Лукашу, якія і пазналі Яго ў Эмаусе, калі Ён пераламіў хлеб. Дый іхнія душы і сэрцы ўжо гарэлі, калі Ён гутарыў з імі ў дарозе і выясьняў Пісаньні пра тое, як Яму трэба было пацярпець. Дык з імі разам усклікнем: «Ён уваскрос і зьявіўся таксама Пятру!»

Пахвальныя псалмы

Пасля экзапастылярыя распачынаецца сьпеў Пахвальных псалмаў (лац. Laudes — «пахвалы»). Гэта назва бярэцца ад таго, што сьпеў распачынаецца словамі: «Хваліце Госпада з нябёсаў, * хваліце Яго на вышынях. Хваліце Яго, усе анёлы Яго, * хваліце Яго, усе сілы Яго». Фактычна Пахвальныя псалмы — гэта тры апошнія псалмы Псалтыра (148, 149, 150). Апошнія вершы рэцытуюцца ўперамежку з пахвальнымі песьнямі, якія знаходзяцца адпаведна да літургічнага перыяда ў Актоіху або Трыёдзях.

Заканчэньне ютрані

Пасля Пахвальных псалмоў у нядзелі і сьвята сьпяваецца Вялікае ўслаўленьне. На штодзённай ютрані і ў Вялікі Пост — Малое ўслаўленьне. Оба ўслаўленьня пачынаюцца наступнымі вершамі:

Сьвятар: Слава Табе, які паказаў нам сьвятло.

Людзі: Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей.

Хвалім Цябе, бласлаўляем Цябе, кланяемся Табе, у песьнях славім Цябе, дзякуем Табе дзеля вялікае славы Тваёй.

Госпадзе Цару Нябесны, Божа Ойча ўсемагутны; Госпадзе, Сыне адзінародны, Ісусе Хрысьце, і Сьвяты Духу.

Госпадзе Божа, Ягнё Божае, Сыне Айца, што ўзяў на сябе грэх сьвету, зьмілуйся над намі; Ты, што ўзяў на сябе грахі сьвету, прымі малітву нашую; што сядзіш па правай руцэ Айца, зьмілуйся над намі. Бо толькі Ты адзінсьвяты, Ты адзінГоспад, Ісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Услаўленьне складаецца з розных тэкстаў Старога і Новага Запавету, асабліва гімну анёлалаў: «слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2:14). Ёсьць яно адным з самых старажытных сьпеваў Царквы, вядомым з IV стагодзьдзя.

Потым на нядзельнай і сьвяточнай ютрані бывае трысьвятое, трапар сьвята, экценьня ўзмоцненага маленьня ды экценьня просьбаў, і водпуст. На штодзённай ютрані пасля Малога ўслаўленьня бываюць вершапесьні. Пасля іх, калі трывае Вялікі Пост,  бяруцца постныя трапары разам з малітвай Ахрэма Сірына. Потым ідзе экценьня ўзмоцненага маленьня і поўны водпуст.

***

Праверачныя заданьні. Адкажыце на пытаньні:

—                   Пра што распавядаюць нядзельныя экзапастылярыі?

—                   Што з сябе ўяўлялі першыя кандакі і хто быў аўтарам гэтага гімнаграфічнага гатунку?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *