Літургіка

5. ЛІТУРГІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ: ЮТРАНЬ – НЯДЗЕЛЬНАЯ І СЬВЯТОЧНАЯ ЧАСТКА

У гэтым артыкуле мы адкажам на пытаньне:
—                   З якіх элементаў складаецца Нядзельная і сьвяточная частка ютрані?

Паліелей і ўзвялічваньне сьвята

Паліелеем распачынаецца «Нядзельная і сьвяточная частка». Ён па сутнасьці зьяўляецца сьпяваньнем Псалмаў 134(135) і 135(136). Грэцкае слова polieleos азначае «шматміласэрны». Гэта назва бярэцца з Псалму 135(136), дзе ў кожным вершы паўтараюцца, як прыпеў словы:  «бо павек міласэрнасьць Яго». Зноў жа на практыцы сьпяваецца некалькі вершаў з псалмаў з прыпевам «Алілуя! Алілуя! Алілуя!».

У гэты момант адчыняецца райскай брама, праз якую выходзяць сьвятары. Адзін з іх выносіць на сярэдзіну царквы ікону і кладзе яе на тэтрапод (невялікі столік, аналаг крэдэнцыі ў лацінскам абрадзе). Далей адбываецца вялікае кажденьне храму.

У нядзелі літургічнага перыяду Перадпосьця да Паліелею дадаецца таксама Псалм 136 (137):  Над рэкамі Бабілёну мы сядзелі і плакалі… У вялікія сьвяты далучаецца тут таксама і гэтак званае «Узьвялічваньне сьвята» (па-грэцку megalynaria, па-цэркоўнаславянску велічаніе). Па-грэцку  megalynaria азначае «узвялічваць». Менавіта такім словам распачынаецца гэтая зьменная частка.

 Трапары нядзельныя

Далей ідуць Трапары нядзельных, якія таксама носяць назву Еўлагітарыя. Еўлагітарыя – гэта назва паходзіць ад грэцкага слова eulogitos – блаславёны, бо вершы гімну сьпяваюцца ўперамежку з вершым з Псалму 118(119): «Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне тваіх пастановаў». Вось кароткі фрагмент гэтага сьпеву:

Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне тваіх пастановаў.

Міраносіцы на досьвітку пабеглі з плачам да магілы Тваёй, але анёл зьявіўся ім і сказаў: Час сьлёзаў мінуў, спыніце плач і абвясьціце ўваскрасеньне апосталам.

Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне тваіх пастановаў.

Жанчыны-міраносіцы прынесьлі міра да магілы Тваёй, Спасе, плачучы; але анёл адазваўся да іх, кажучы: Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых? Ён як Бог уваскрос з магілы!

Гіпакоі і Ўзыходныя песьні

У нядзелі, пасля еўлагітарыі, людзі сьпяваюць гіпакоі і ўзыходныя песьні. Гэта  па сутнасьці зьменныя часткі, гімны адпаведнага тону, якія знаходзяцца ў Актоіху.

Узыходныя песьні васьмі таноў зьяўляюцца вольнай паэтычнай парафразай псалмаў 18 катызмы. Некалькі словаў пра гэту групу псалмоў. Вось жа ў 18 катызму ўваходзяць Псалмы 119(120) – 133(134), якія называюцца ўзыходнымі.

Такую назву яны атрымалі, бо габрэі сьпявалі іх узыходзячы па прыступках ерусалімскай сьвятыні, рыхтуючыся да ўваходу ў яе. Падобным чынам і ўзыходныя песьні рыхтуюць нас да чытаньня Евангельля. Вось фрагмент такой песьні з чацьвёртага тону Актоіха, антыфан 3:

Сэрца маё ўзьнясецца да Цябе, Слова. Хай у слабасьці маёй ніякая краса сьвету не заманіць мяне сваёй асалодаю.

Кожны з нас мае любоў да маці сваёй, тым больш нам трэба палаць любоўю да Госпада.

Слава… цяпер…

Праз Духа Сьвятога прыходзіць богапазнаньне, сузіраньне і мудрасьць, бо праз Яго Слова абвяшчае запаветы Айца.

 Характарэстычнай асаблівасьцю ўзыходных песен зьяўляецца тое, што верш, які знаходзіцца пасля слава і цяпер… прысьвечаны заўсёды Сьвятому Духу, яго таямнічаму і жыцьцядайнаму дзеяньню ў сьвеце. На вялікія сьвяты ў Часаслове пададзеныя адразу ўзыходныя песьні з чацьвёртага тону (1 антыфан).

Пракімен, чытаньне Евангельля і «Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова»

Пасля ўзыходных песен сьпяваюцца два пракімена, якія папярэджваюць чытаньне Евангельля. Першы пракімен бярэцца з Актоіха або Мінэі, другі ўяўляе з сябе сталую частку, якая знаходзіцца ў Часаслове. Вось гэты сталы пракімен:

Дыякан: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Дыякан: Хваліце Бога ў сьвятынях Яго; * хваліце Яго ў непахіснасьці сілы Яго.

Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Дыякан: Усё, што жыве.

Людзі: Хай хваліць Госпада.

Далей чытаецца Евангельле. Трэба адразу зазначыць, што тэматычна фрагменты Евангельля на вялікія сьвяты тычацца падзеі, якую ўзгадваем ў дадзенае сьвята. У нядзелі ж заўсёды чытаецца адзін з фрагментаў Евангельля пра Хрыстовае Ўваскрасеньне.

У сувязі з гэтым усе ўрыўкі пра Ўваскрасеньне сабраныя ў 11 чытаньняў, які чытаюцца па чарзе (у кожную нядзелю па чытаньню). Айцец Барыс Бабрынскі зазначвае ў сваёй кнізе «Літургічнае жыцьцё», што такая традыцыя склалася ўжо ў IV стагодзьдзі і практыкавалася ў царкве Ўваскрасеньня ў Ерусаліме. Пасля чытаньня Евангельля, сьвятар кладзе кнігу Евангельля на аналой для пакланеньня. У гэты час сьпяваецца пасхальны сьпеў «Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова»:

 Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова, паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму. Крыжу Твайму пакланяемся, Хрысьце, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім. Ты – Бог наш, апроч Цябе іншага ня знаем, імя Тваё клічам. Прыйдзіце, усе верныя, паклонімся сьвятому ўваскрасеньню Хрыстоваму, бо праз крыж прыйшла радасьць усяму сьвету. Заўжды бласлаўляючы Госпада, славім у песьнях уваскрасеньне Яго, бо Ён, пацярпеўшы ўкрыжаваньне, сьмерцю сьмерць зваяваў.

 Трэба зазначыць, што гэты гімн займае асаблівае месца ў багаслужэньні. Нават у буднія дні ад Пасхі да Яе адданьня ён захоўваецца ў штодзённай ютрані, як напамін пра Нядзельную і сьвяточную частку. Сустракаецца ён таксама ў Боскай Літургіі сярод тайных малітваў сьвятара, а паходзіць, канешне, з тэксту пасхальнага багаслужэньня.

 ***

Праверачныя заданьні. Адкажыце на пытаньні:

— Што азначае слова «паліелей»?

— Якія дзьве часткі папярэджваюць чытаньне Сьвятога Евангельля, а якая частка амаль заўсёды знаходзіцца пасля яго?

— Што вы можаце сказаць пра чытаньні Евангельля на нядзельнай ютрані?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *