Літургіка

4. ЛІТУРГІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ: ЮТРАНЬ – НАЧНАЯ ЧАСТКА

У гэтым артыкуле мы адкажам на пытаньні:

—       Як выглядае структура ютрані?

—        Як чытаецца Псалтыр у багаслужэньнях сутачнага кола?

Ютрань (гр. orthos) звычайна павінна пачынацца ў сярэдзіне начы, а сканчвацца на золку. Вось чаму гэтае багаслужэньне складаецца з трох ня роўных па часе трываня частак. Айцец Барыс Бабрынскій – папулізатар усходняга багаслужэньня — умоўна называе гэтыя часткі так: першая частка — «начная», другая — «нядзельная і сьвяточная» (гэта частка на ютрані штодзённай цалкам прапускаецца), трэцяя — «дзенная». Ніжэй вашай увазе прадстаўлена схему візантыйскай Ютрані.

І. Начная частка

1)      Пачатковыя малітвы і двупсалміе (або Царскае багаслужэньне), якое прапускаюцца пад час начнога чуваньня

2)      Шэсьць псалмоў (шэстапсальміе)

3)      Міраня літанія (Вялікая экценьня)

4)      «Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам» або «Алілуя» (пад час Вялікага Посту)

5)      Трапар дня або сьвята, або траечныя песьні (трынітарныя гімны) у час Вялікага Посту

6)      Чытаньне Псалтыра (чарговыя катызмы)

 ІІ.  Нядзельная і сьвяточная частка

1)      Паліелей («Хваліце Імя Гасподняе, хваліце, слугі, Госпада. Алілуя, алілуя, алілуя»)

2)      Узьвялічваньне сьвята

3)      «Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў»

4)      Гіпакоі і Ўзыходныя песьні

5)      Пракімен і «Усё, што жыве, хай хваліць Госпада»

6)      Чытаньне Евангельля

7)      «Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова»

ІІІ. Дзенная частка

1)      Пслам 50

2)      Канон з песьняй Багародзіцы «Душа мая абвяшчае веліч Госпада» (Magnificat) перад дзевятай песьняй

3)      Экзапастыляр (або сьвяцільнік)

4)      Пахвальныя псалмы (Laudesy)

5)      Вялікае ўслаўленьне (Вялікае славаслоўе)

6)      Трапар дня, літаньні

7)      Водпуст

Начная часткадвупсалміе і шэстапсалміе

Двупсалміе, якім распачынаецца ютрань, спалучана з трапарамі і літаньняй за сьвецкую ўладу – цароў і войска. На практыцы часта прапускаецца (заўсёды ў нядзелю і сьвята).

Далей начная частка часткова паўтарае начное багаслужэньне – палуночніцу. Маем тут з падобнымі матывамі. Гэты матыў акрэслівае хаця б першы псалм з шэстапсалмія – Псалм 3. Гэты псалм, як заўважае ў сваёй кніге «Літургічнае жыцьцё» айцец Барыс Бабрынскій, належыць да асновы, на якой будуецца ўся палуночніца. Дазвольце, што зацытую вам, сябры, фрагмент гэтага псалму:

 Госпадзе, як размножыліся ворагі мае, як шмат тых, што паўстаюць супраць мяне.

Многа тых, што кажуць мне:Няма яму збаўленьня ў Бога.

Але Ты, Госпадзе,мой шчыт і слава мая: Ты падымаеш галаву маю.

Я голасна клікаў Бога, і Ён пачуў мяне з гары сьвятой сваёй.

Я лёг і заснуў, і прачнуўся, бо Госпад сьцеражэ мяне.

Гэткім чынам пачатак шэстапсалмія заахвочвае нас да «абуджэньня» і аптымізму, ня гледзячы на розныя цяжкасьці ў нашым жыцьці, пра якія гаворыць ад першай асобы псалмапеўца – пераследваньні і цярпеньні. Гэта тэма паўтараецца таксама ў наступным Псалме 37:

Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.

Бо стрэлы Твае працялі мяне, і рука Твая на мяне лягла.

Няма здаровага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма супакою касьцям маім з прычыны грэху майго.

Бо правіны мае перавысілі галаву маю, як цяжкае бярэмя, прыгнятаюць мяне бяз меры.

Тхнуць, загніўшы, раны мае з прычыны маёй неразумнасьці.

Прыніжаны, я сагнуўся вельмі, увесь дзень сумны хаджу.

Паясьніца мая поўная жару, і няма здаровага месца на целе маім.

Аслаб я, разьбіты звыш меры, і стогне сэрца маё.

Першую частку шэстапсалмія (бо яно дзеліцца на два блока: 3+3 псалмы) сканчвае Псалм 62:

 Божа, ТыБог мой! Цябе пільна шукаю.

Душа мае жадае Цябе, Цябе шукае цела маё, высахлае як зямля сасмаглая і бязводная.

Я выглядаю Цябе ў сьвятыні, каб убачыць сілу Тваю і славу Тваю.

Бо міласьць Твая лепшая за жыцьцё; вусны мае будуць славіць Цябе.

Буду хваліць Цябе, пакуль буду жыць, і ў імя Тваё буду ўздымаць рукі мае.

Душа мая насыціцца, быццам тлушчам і аліваю, вусны мае вясёлым голасам хваліць Цябе будуць.

Згадаю Цябе на маёй пасьцелі: думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў.

Гэты псалм працягвае апісваць экзістэнцыяльнае становішча чалавека,  але, як можна заўважыць, тут адбываецца перамяшчэньне акцэнту з асабістага цярпеньня псалмапеўцы на «сум па Богу», на прагненьне супрычаснасьці з Ім. Тэма цярпеньня працягваецца таксама і ў апошніх трох псалмах. Яны прыгадваюць пра сьмерць, але таксама і надзею. Гавораць пра малітву, якая, як здаецца не даходзіць да Бога, аднак таксама перадаюць словы непахіснай вернасьць Госпаду Богу.

Пад час чытаньня шасьці псалмоў, сьвятар перад зачыненай райскай брамай чытае тайныя малітвы. Тайныя малітвы названыя так, бо чытаюцца яны ціха.

«Бог ёсьць Госпад» і «Алілуя»

«Бог ёсьць Госпад, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе» гэта верш з Псалму 117 (118), які фактычна зьяўляецца прыпевам і паўтараецца пасля вершаў з таго ж псалму.  Айцец Барыс Бабрынскій зьвяртае ўвагу, што першапачаткова быў такім чынам сьпяваны ўвесь псалом, але паступова ад гэтай практыкі адышлі і сьпеў быў скарочаны да тых вершаў, якія знаходзяцца ў сучасным Часаслове. Трэба зазначыць, што гэты псалм ёсьць пасхальным:

Слаўце Госпада, бо Ён добры, * бо міласэрнасьць Яго давеку.

Абступілі мяне з усіх бакоў, * і імем Гасподнім я перамог іх.

Не памру, але буду жыць * і абвяшчаць дзеі Гасподнія.

Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў вуглавым каменем:*

ад Госпада гэта,* і дзіўнае ў нашых вачох.

У Вялікім Посьце на пачатку Вялікага Тыдня) замест Бог ёсьць Госпад сьпяваецца  сьпеў, які называецца Алілуя:

Сярод ночы імкнецца дух мой да Цябе, Божа: бо загады Тваесьвятло на зямлі.

 Алілуя, алілуя, алілуя. (так і пасьля наступных вершаў).

Навучыцеся справядлівасьці вы, што жывяце на зямлі.

Гневам Тваім наведай людзей непаслухмяных.

Упакор, Госпадзе, упакор магутных зямлі.

Сьпеў Алілуя, разам з вершамі, падкрэслівае начны аспект багаслужэньня. Першапачаткова менавіта гэты псалм сьпяваўся ў данным месцы ютрані, аднак паступова сьпеў  Бог ёсьць Госпад выцясьніў сьпеў Алілуя.

Пасля Бог ёсьць Госпад сьпяваюцца адпаведныя трапары і багародзічны, а пасля Алілуя сьпяваюцца вялікапосныя траечные песьні. Сама назва гаворыць аб трынітарнай тэматыцы гэтай зьменнай часткі. Вось прыклад такой песьні:

Тройца адзінасутная і неразьдзельная, Адзінства ў трох і роўна вечных асобах! Табе як Богу анёльскую песьню ўсклікаем: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, […]

Слава…: Айца беспачатнага, субеспачатнага Сына, і роўна вечнага з імі Духа, адзінае Боства, падобна хэрувімам славіць асьмельваемся і кажам: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі ўсіх сьвятых Тваіх зьмілуйся над намі.

Цяпер…: Судзьдзя нечакана прыйдзе, і ўчынкі кожнага стануцца яўнымі; але ў страху клічам апоўначы: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы зьмілуйся над намі.

Чытаньне Псалтыру

Пераходзім да апошняга элемента начной часткі ютрані – чытаньня Псалтыру. Нагадваю, што Пслалтыр у бізантыйскай літургічнай традыцыі падзелены на 20 частак, якія называюцца катызмамі, і павінен быў прачытвацца за тыдзень. Першая катызма чытаецца  ў суботу вечарам на вячэрняй, а на нядзельнай ютрані чытаюцца наступныя дзьве катызмы і г.д. На жаль у сучаснай практыцы чытаньне Псалтыру часта скарачаецца. Прычына ў тым, што тыдневы «графік» чытаньня Псалтыра цяжкі ня толькі для міранаў, але часта і для манахаў.

Зьвяртаюць на гэту праблему ўвагу шматлікія даследчыкі ды карыстальнікі багаслужэньня, між іх таксама і а. Барыс Бабрынскій. На яго думку, Псалтыру трэба вярнуць належнае яму месца ў багаслужэньні сутачнага кола.

Канешне, паўстаюць у сувязі з гэтым шматлікія пытаньні. Напрыклад, якім чынам рэарганізаваць чытаньне Псалтыра, каб малітва Часасловам была даступна кожнай супольнасьці вернікаў, якія жадаюць маліцца малітвай Царквы? Быць можа варта зрабіць так, каб у сучаснай практыцы прачытваць увесь Псалтыр за 4 тыдня, або нават і больш? Напэўна падобныя пытаньні паўстаюць перад ерархамі, сьвятарамі ды вернікамі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў. У гэтым жа артыкуле хацелася б толькі зазаначыць, што такая праблема існуе.

***

Праверачныя заданьні. Адкажыце на пытаньні:

—                   На якія тры ўмоўныя часткі можна падзяліць Ютрань?

—                   На колькі частак традыцыйна дзеліцца Псалтыр для выкарыстаньня яго на сутачным коле багаслужэньняў?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *