Літургіка

3. ЛІТУРГІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ: ВЯЧЭРНЯ

У гэтым артыкуле мы адкажам на пытаньні:

—       Якую ролю грае Псалтыр у багаслужэньні?

—       З якіх ключавых частак складаецца вячэрня?

103-ці псальм і чытаньне Псалтыра

Вячэрня распачынаецца сьпевам (або чытаньнем рэчытацівам) 103-га псальму: Блаславі, душа мая, Госпада: Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў… Гэты псальм распавядае нам паэтыцкаю моваю пра стварэньне сусьвету. Пасля 103-га псальму наступае вялікая (мірная) літанія (па-цэркоўнаславянску экценьня). Пасьля літаніі звычайна бывае чытаньне адпаведнай часткі Псалтыра.

Тут трэба прыпыніцца, каб патлумачыць, якім чынам Псалтыр ужываецца ў сутачным коле. Перад усім хочацца падкрэсліць, што Псалтыр функцыянуе ў багаслужэньні, як асобная кніга. У старадаўнія часы Псалстыр быў асновай манаскай малітвы ды першыя манахі прачытвалі ўвесь Псалтыр за дзень.

Аднак з цягам часу склалася традыцыя прачытваць яго адзін раз на працягу тыдня, а пад час Вялікага Посту двойчы (для параўнаньня ў рыма-каталіцкай традыцыі сёньня амаль увесь Псалтыр прачытваецца за чатыры тыдня). Дзеля чытаньня на багаслужэньнях сутачнага колу ўвесь Псалтыр ва Ўсходняй традыцыі падзелены на 20 частак.

Адна такая частка называецца катызмай, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае літаральна «сядаць». Сам тэрмін указвае на тое, што пад час чытаньня Псалтыру можна сядзець. Кожная катызма дзеліцца ў сваю чаргу на тры часткі, якія адзеленыя паміж сабою малым славаслоўем:

«Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя. Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа (Тройчы)». Вось чаму адна трэцья частка катызмы называецца славай (па-грэцку stases).

Песьні пры запаленых сьвечкахды стыхіры на «Госпадзе, Цябе клічу»

Пасля малой літаніі распачынаюццаПесьні пры запаленых сьвечках. Гэтыя песьні па сутнасьці ёсьць сьпяваньне наступных псалмоў: Пс 140, 141, 129 і 116. Давайце зьвернім нашую ўвагу на Псалом 140:

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне.

         Пачуй мяне, Госпадзе!

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе.

         Пачуй мяне, Госпадзе.

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх.

         Пачуй мяне, Госпадзе.

Гэты псальм ёсьць сталым элементам вячэрні, але на практыцы, яго скарачаюць як раз да вышэй згаданых вершаў. Пад час іх сьпеву сьвятар кадзіць месца літургічнага дзеяньня, што пераклікаецца з зьместам псалму. (Цікавы той факт, што ўжо ў юдаізме вячэрняя малітва ў сьвятыні была спалучана з ахвярай кадзіла). Пах кадзіла ёсьць сымбалам малітвы, якая выходзіць з сэрца.

Далей чытаецца 129 псалм, вершы якога сьпяваюцца ўперамежку з спецыяльнымі песьнямі (стыхірамі)зьменнымі часткамі, якія бяруцца з Актоіха (або Трыёдзі) ды Мінэі. Агульная назва для гэтых песен ёсьць стыхіры на «Госпадзе, Цябе клічу» (па-славянку «Господі возвах», па-грэцку Kyrie ekekraksa). Апошняя стыхіра прысьвечана амаль заўсёды Багародзіцы, таму называецца багародзічным (гр. theotokion theotokos) або дагматыкам, бо ўтрымлівае ў сабе глыбокі тэалагічны зьмест.

Малы ўваход

Пад час сьпяваньня багародзічнага сьвятар з прыслужнікамі зьдзяйсьняе малы ўваход. Малы ўваход уяўляе з сябе працэсію вакол прастолу-алтара з выхадам з-за іканастасу праз «дыяканскія (паўночныя) дзьверы». Першым ідзе сьвечканосец, за ім дыякан з кадзілам, а пасля яго сьвятар. Працэсія затрымоўваецца перад «царскімі дзвярамі», а сьвятар у гэты час моліцца ціха спецыяльнай малітвай уваходу.

Пасля таго як сканчваецца сьпяваньне багародзічнага, дыякан сьпявае вокліч (акламацыю): «Мудрасьць, устаньце!». Запальваецца ў храме сьвятло і сьпяваецца старажытны гімн Сьвятло лагоднае.

Чытаньні з Старога Запавету

Пасля гэтага гімну «Сьвятло лагоднае» наступаюць чытаньні з Старога Запавету, якія заўсёды папярэджаны  пракіменамі. Пракімен (prokeimenon, graduale) – гэта кароткі верш з псалмаў, які паўтараецца  ўперамежку з яшчэ аднім ці некалькімі вершамі.

Прыстаўка «pro-» указвае на тое, што гэтыя вершы павінны нешта папярэджваць. У нашым выпадку яны папярэджаваюць «парэміі», інакш чытаньні фрагментаў Старога Запавету.

Малітва ўслаўленьня

Пасля чытаньняў звычайна бывае Літанія ўзмоцненага маленьня. Пасля яе сьпяваецца Малітва ўслаўленьня, чарговая сталая частка вячэрняй, якая пачынаецца словамі: Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху. Дазвольце, што пазнаёмлю вас з гэтым гімнам і заспяваю яго, як умею.

Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў.

Блаславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, Табе слава належыцца, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Далей зноў ёсьць Літанія просьбаў, пасля якой можа быць Ліцьця.

Ліцьця і Вершапесьні

Ліцьця – у перакладзе з грэцкай мовы азначае «узмоцненае маленьне». Пачаткова ліцьця была малітвай, якой маліліся ў часе народнай бяды. Вернікі выходзілі на вуліцы з харугвамі ды сьпевам гімнаў. Заступніцкі характар ліцьці можам пабачыць, услухаваючыся ў тэксты яе малітваў.

Трэба адзначыць, што ліцьця — гэта асаблівая частка багаслужэньня, на якой адбываецца блаславеньне хлеба, віна, алею ды пшаніцы. Гэтым дзеяннем Царква падкрэслівае, што Бог хоча асьвячаць і асьвячае матэрыяльны бок нашага жыцьця.

Наступным «блокам» вячэрні зьяўляюцца Вершапесьні. Па сваёй структуры яны падобныя да стыхір на «Госпадзе, Цябе клічу» з той розніцай, што песьні не сьпяваюцца ў перамежку з вершамі псальму, але далучаюцца да асаблівых вершаў.

Песьня Сямёна Богапрыймальніка, Адпушчальныя трапары ды Заканчэньне

Пасля вершапесьняў на вячэрняй сьпяваецца або рэцытуецца песьня Сямёна Богапрымальніка:

Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Гэтая біблійная песьня выкарыстоўваецца таксама і ў лацінскай літургіі гадзінаў і вядома ў заходняй традыцыі, як Nunc dimittis. Пасля блоку малітваў, які ўключае ў сябе малітвы Сьвяты Божа, Усесьвятая Тройца і Ойча наш, сьпяваюцца адпаведныя адпушчальныя трапары. Пасля трапароў наступае Заканчэньне, апошняй малітвай якога ёсьць водпуст.

***

Праверачныя заданьні.

—       Напішыце па памяці структуру вячэрні. Зьвярніцеся да тэксту і выпраўце магчымыя памылкі.

—        Адкажыце на пытаньне: што такое ліцьця?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *