У гэтым артыкуле мы адкажам на пытаньні:
— Якімі былі пачаткі літургічнага жыцьця?
— З якіх багаслужэньняў складаецца сутачнае кола?
Пачаткі літургічнага жыцьця
Хрысьціянскі звычай асьвячаць поры дня і начы малітвай мае свае карані ў габрэйскай традыцыі. Сьведчаньні гэтаму можам знайсьці ў Сьвятым Пісаньні. Ужо ў Старым Запавеце ўзгадваюцца асаблівыя моманты дня, якія прысьвечаны служэньню Богу: малітва вячэрняя і малітва ранішняя. Вядома таксама, што існавала малітва ў начы, якая была асаблівай рысай супольнасьці эсэяў. Гэта малітва ад першых стагодзьдзяў моцна распаўсюдзілася сярод хрысьціянаў.
Гэткім чынам першыя хрысьціяне маліліся вечарам, раніцай ды ў начы, прысьвячаючы час Богу. Вельмі хутка гэта малітва атрымала пэўную структуру, дзякуючы таму, што ў яе ўключалі часткі са Сьвятога Пісаньня: псалмы, біблійныя чытаньні. Акрамя гэтага дадаваліся заступніцкія малітвы ды розныя літургічныя сьпевы, якія прайшлі пэўны шлях разьвіцьця ды, якія мы называем сёньня хрысьціянскай гімнаграфіяй.
Багаслужбы Часаслова
З пункту гледжаньня багаслужэньня, літургічны дзень пачынаецца ўвечары. Мае гэта сваё абгрунтаваньне і ў Бібліі: «І мінуў вечар, і мінула раніца – дзень першы» (Род. 1:5). Яскравым прыкладам гэтага прынцыпу можа быць сьвяткаваньне Уваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, якое ў бізантыйскай традыцыі пачынаецца вячэрняй у суботу ў вечары.
Вячэрня распачынаецца, як гаворыць сама назва, у вечары, прыкладна ў той час, калі заходзіць сонца. Літургічныя тэксты супрацьпастаўляюць гэтаму сонцу, якое заходзіць, іншае Сонца, «сонца справядлівасьці», якое зьзяе незаходным сьвятлом – Хрыста.
Заход ды ўсход сонца сымбалізуюць сьмерць і ўваскрасеньне. Гэткім чынам галоўныя хрысьціянскія таямніцы Сьмерць і Уваскрасеньне Хрыста, нібы ўваходзяць у прыродныя законы і развіцьцё сусьвета.
Пасля вячэрні наступае час павячэр’я. Гэтае багаслужэньне мае манаскае паходжаньне. Пасля, звычайна а поўначы, ёсьць малітва ў начы – палуночніца, ды нарэшце раніцай — ютрань.
Ютрань складаецца з некалькіх частак: ночная частка, частка перад усходам сонца, дзенная частка. Пасля ютрані надыходзіць чарга кананічных гадзінаў: першая гадзіна (адпавядае 7 гадзінам нашага часу), трэцяя гадзіна (адпавядае нашай 9-й гадзіне), шостая гадзіна (адпавядае нашай 12-й гадзіне), дзевятая гадзіна (адпавядае нашай 15-й гадзіне).
Кожная кананічная гадзіна разважае, ці прысьвечана нейкай гісторыязбаўчай падзеі. Гэтак, першая гадзіна ўзгадвае прыйсьце Ісуса Хрыста, трэцяя – Пяцідзесятніцу, шостая – укрыжаваньне, дзевятая – сьмерць Ісуса на крыжы.
Нарэшце трэба ўзгадаць багаслужэньне, якое знаходзіцца перад вячэрняй – абедніцу (па-грэцку typika). Гэта старадаўняе багаслужэньне Царквы, якім карысталіся вернікі, калі не было магчымасьці ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, або калі Эўхарыстычная Літургія не служылася, напрыклад, пад час Вялікага Посту. Гімны і малітвы абедніцы па свайму зьместу такія самыя, што і ў першай частцы Боскай Літургіі – літургіі слова або літургіі верных.
Падсумоўваючы можна сказаць, што зьмест багаслужэньняў сутачнага кола адпавядае розным гадзінам сутак ды прыгадвае нам падзеі з гісторыі збаўленьня. Такім чынам пра багаслужэньні сутачнага кола можна сказаць, што яны хрыстацэнтрычныя, а сам хрысьціянскі культ не зьяўляецца нечым фармальным, прыпадковым, але паходзіць з рэчаіснасьці нашай хрысьціянскай веры.
Сутачнае кола – пасхальная таямніца
Сутачнае кола па сутнасьці ёсьць перад усім асновай, рамай для багаслужбовай малітвы, яе сталымі часткамі. У залежнасьці ад дня тыдня, ці сьвята, ці ўспаміну сьвятога, ці ад літургічнага перыяду году, гэтыя тэксты дапаўняюцца адпаведнымі зьменнымі часткамі. Сталыя часткі, як гаворыць сама назва, застаюцца нязьменнымі і складаюцца перад усім з псальмаў і малітваў. Зьменныя ж часткі складаюцца звычайна з гімнаў тыднявага кола ды гадавога кола.
Галоўнай багаслоўскай весткай сутачнага кола зьўляецца, як ужо я зазначыў на пачатку, пасхальная таямніца. Гэтая таямніца перажываецца разам з пераменай вечара ў ноч, а ночы ў пачатак дня, як сьмерць і ўваскрасеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Надыход начной цемры з старадаўніх часоў асьвячаўся бласлаўленьнем новага «сьвятла лагоднага», якім ёсьць Ісус Хрыстос. У дамах запальваліся сьвечы ды семьі маліліся вячэрнімі малітвамі, а ў храме ў гэты час сьпявалі гімн:
Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага,
сьвятога, блаславёнага –
Ісусе Хрысьце!
Дайшоўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло,
славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога.
Дастойна ёсьць на ўсялякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю,
Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.
***
Праверачныя заданьні. Адкажы на наступныя пытаньні:
— Калі пачынаецца літургічны дзень?
— Якое багаслужэньне сутачнага колу мае манаскае паходжаньне?
— Якую цэнтальную багаслоўскую думку нясе ў сабе сутачнае кола?
Точка невозврата Sherlock’а
Чудеса святого Шарбеля Маклуфа
Иосиф Слипый и термин «православный»
Христос — наша Пасха. Новый Катехизис Украинской Греко-католической церкви — интересное чтение!