Літургіка

11. ЛІТУРГІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ: ПАСХА

У гэтым артыкуле мы даведаемся пра сьвяткаваньне Уваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Пасхальная працэсія

Пасхальная служба пачынаецца ва ўсходняй традыцыі звычайна ў поўнач (у ноч з суботы на нядзелю) працэсіяй вакол храма.  Удзельнікі працэсіі, якую ачольваюць сьвятары, шматкроць сьпяваюць трапар: «Уваскрасеньню Твайму, Хрысьце Спасе, анёлы ў небе пяюць песьню хвалы: дай і нам тут на зямлі з чыстым сэрцам славіць Цябе».

Пасля таго, як працэсія тройчы абыйдзе храм, яна спыняецца перад зачыненымі дзьвярмі сьвятыні. Тут сьвятар, зьвярнуўшыся да людзей, чытае фрагмент Евангельля пра Ўваскрасеньне (Мк. 16: 1-8). Скончыўшы ж, прагалошвае: «Слава сьвятой, адзінасутнай, жыватворчай і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў». Гэты возглас, якім фактычна пачынаецца ютрань.

Далей, таксама перад дзьвярмі, сьпяваецца пасхальны трапар «Хрыстос уваскрос з мёртвых» з адмысловымі вершамі ды сьвятар вітае прысутных словамі «Хрыстос уваскрос». Вернікі ж адказваюць — «Сапраўды ўваскрос». Пасля гэтага сьвятар урачыста стукае тройчы крыжом у дзьверы, якія адчыняюцца і сьвятары з вернікамі ўваходзяць у сьвятыню. Падчас уваходу няспынна сьпяваецца трапар Уваскрасеньня.

Пасхальная ютрань

Пасля вялікай экценьні распачынаецца сьпеў Велікоднага канону, аўтарам якога зьяўляецца Ян Дамаскін. Ніжэй змешчаны толькі пачатак першай песьні канону. Але мяркую, што і гэтага кароткага фрагменту будзе даволі, каб перадаць вам незвычайную прыгажосьць і зьмястоўнасьць гэтага твору.

Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяём песьню перамогі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Ачысьцім нашыя пачуцьці, каб нам убачыць Хрыста ў невымоўным зьзяньні ўваскрасеньня, і пачуць, як Ён кажа: Радуйцеся ўсе, што пяеце песьню перамогі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Пасля пасхальнага канона наступае экзапастыляр: «Целам заснуўшы як мёртвы, Уладару і Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама ад тленнасьці ўзьняў, перамогшы сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне!». Можна было б сказаць без вялікага перабольшваньня, што ўся пасхальная таямніцца зьмяшчаецца і знаходзіць выраз у гэтым тэксьце.

Далей сьпяваюцца Пахвальныя псальмы і песьні Велікодныя. Вось адна з іх:

Пасха красная, Пасха Гасподняя, Пасха; / Пасха ўсяслаўная сёньня зазьзяла нам. / Пасха – радасна адзін аднаго абдымем! / О, Пасха – вызваленьне ад суму, / бо сёньня з магілы, быццам з хораму, зазьзяў Хрыстос, / і жанчынаў напоўніў радасьцю, кажучы ім: / Нясеце добрую вестку апосталам.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю / і адзін аднаго абдымем; / скажам “Браты” і тым, што ненавідзяць нас, /прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; / і ўсклікнем вось так:

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

Падчас сьпеву «Уваскрасеньня дзень…» сьвятары і дыяканы вітаюць адзін аднаго трохкротным пасхальным пацалункам са словамі «Хрыстос уваскрос», «Сапраўды ўваскрос». Пасьля выходзяць з аўтара і вітаюць вернікаў. Скончыўшы, сьвятар чытае пасхальную гамілію, слова, якое прыпісываецца сьв. Яну Залатавуснаму. У гэтым слове сьв. Ян заклікае нас быць адважнымі і ўвайсьці ў радасьць нашага Настаўніка, бо «Стол багаты – усім хопіць з дастаткам».

Пасхальная Літургія

Пасля ютрані наступае адразу Літургія сьв. Яна Залатавуснага. Пад час гэтай літургіі пачынаецца чытацца Евангельле паводле Яна. Існуе традыцыя, калі гэты фрагмент Евангельля – пралог Яна – чытаецца на розных мовах. Чыніцца гэтак, каб падкрэсліць універсальны і паўсюдны характар пасхальнай таямніцы.

***

Праверачныя заданьні. Адкажыце на пытаньні:

—                   Калі на пасхальнай ютрані вернікі вітаюць адзін аднага трохкротным пасхальным пацалункам?

—                   Каму прыпісваецца аўтарства гаміліі, якая чытаецца на ютрані?

—                   У якім месцы пачынаецца пасхальная ютрань?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *