Літургіка

10. ЛІТУРГІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ: ПЕРАДПОСЬЦЕ, ВЯЛІКІ ПОСТ, ВЯЛІКІ ТЫДЗЕНЬ

У гэтым артыкуле мы больш падрабязна даведаемся пра тыя літургічныя перыяды, якія ўваходзяць у рухомае (пасхальнае) кола сьвятаў. Нагадаю, што кола сьвятаў рухомых сфармавалася вакол сьвята Уваскрасеньня Госпада нашага Ісуса ХрыстаПасхі.

Сьветлае сьвята Пасхі папярэджваюць тры літургічныя перыяды – гэта перадпосьце, Вялікі Пост і Вялікі Тыдзень. Літургічныя тэксты першых двух перыядаў – перадпосьця ды Вялікага Посту – знаходзяцца ў асобнай літургічнай кнізе, якая называеца Посная трыёдзь. Паслядоўна прыгледзімся гэтым перыядам.

 Перадпосьце

Перадпосьце пачынаецца Нядзеляй Закхэя (яна ня мае адпаведных тэкстаў у Поснай Трыёдзі). Далей ідуць:

Нядзеля мытніка і Фарысея (1 нядзеля перадпосьця), Недзеля блуднага сына (2-я нядзеля перадпосьця). Таксама Няделя пра Страшны Суд (3-я нядзеля перадпосьця). Гэта нядзеля называецца таксама мясапуснай, бо паводле старажытнай традыцыі посту – гэта быў апошні дзень, калі ўжывалася мяса.

З панядзелка ж распачынаўся сырны тыдзень, або масленіца, калі ўдоваль наядаліся бліноў, яек і малочных прадуктаў. На гэтым тыдні ў багаслуженьне уводзіцца Малітва сьв. Ахрэма Сірына. Наступная нядзеля, нядзеля прабачэньня, называлася таксама сырапуснай або масленіцай, бо ў гэты дзень апошні раз спажывалі малочныя прадукты.

Нядзеля прабачэньня – гэта апошняя нядзеля перад Вялікім Постам (панядзелак, які наступае за ёй зьяўляецца першым днём «чатырадзесятніцы»). У нядзелю прабачэньня – мы просім прабачэньня ў Бога, Царквы і адзін аднаго. Менавіта асэнсаваньне патрэбы прабачэньня адкрывае для нас дзьверы ў Вялікі Пост.

Вялікі Пост

Некалькі словаў пра асаблівасьці тыднявага кола пад час Вялікага Посту. Напрацягу тыдня (звычайна ў серады і пятніцы) замест Боскай Літургіі сьв. Яна Залатавуснага, служыцца  Боская Літургія Раней Асьвячаных Дароў. Літургія Раней Асьвячаных Дароў – гэта служба, якая ўяўляе з сябе вячэрню спалучаную з прычасьцем вернікаў.

У нядзелі Вялікага Посту служыцца Боская Літургія сьв. Васіля Вялікага, якая адрозьніваецца ад Літургіі сьв. Яна Златавуснага больш разгорнутай анафарай – еўхарыстычнай малітвай, а таксама некаторымі іншымі тайнымі малітвамі сьвятара. У суботы Вялікага Посту – служацца літургіі сьв. Яна Златавуснага.

Першы тыдзень Вялікага Посту. У першы тыдзень Вялікага Посту (ад панядзелку да пятніцы) звычайна чытаецца па частках на вялікім павячэр’і канон сьв. Андрэя Крытскага. Трапары гэтага канону спалучаюцца з паклонамі (паводле грэцкай традыцыі — паяснымі, паводле славянскай – зямнымі). Гэты канон чытаецца таксама цалкам у чацьвер перад пятай нядзеляй Вялікага Посту.

Нядзеля Праваслаўя – гэта першая нядзеля Вялікага Посту. Такую назву яна атрымала пасля перамогі Царквы над рознымі ерасямі, а асабліва над ерассю іканаборства, якая ўзнікла на хрысціянскім Усходзе ў VIII стагоддзі. Сьвяткуем у гэты дзень фактычна перамогу прававернасьці.

Наступныя нядзелі Вялікага Посту – гэта Нядзеля 2-я Вялікага Посту, Нядзеля Крыжапаклонная, Нядзеля 4-я Вялікага Посту (калі мы ўзгадваем найп. Яна Лесьвічніка), Нядзеля 5-я Вялікага Посту ды Нядзеля Вербная, Вербніца (Уваход Госпада Нашага Ісуса Хрыста ў Ерусалім).

Вялікі Тыдзень

Ад Нядзелі Вербнай распачынаецца Вялікі Тыдзень. У некалькіх сказах зазначу некаторыя яго асаблівасьці. Літургія Раней Асьвячаных Дароў служыцца на гэтым тыдні ў панядзелак, аўторак і сераду. У чацьвер служыцца вячэрня з Літургіяй сьв. Васіля Вялікага. У пятніцу Еўхарыстыя не служыцца, але чытаюцца вялікія гадзіны ды выносіцца плашчаніца на вячэрні. У суботу служыцца вячэрня з Літургіяй сьв. Васіля Вялікага.

Таксама ў чацьвер ёсьць ютрань 12 Евангельяў, калі чытаюцца 12 фрагментаў Евангельля аб пакутах Ісуса Хрыста (з практычных меркаваньняў гэта ютрань можа быць у сераду ў вечары).

***

Праверачныя заданьні. Адкажыце на пытаньні:

—                   Якая з нядзеляў перадпосьця ня мае асобных тэкстаў у поснай трыёдзі?

—                   Калі сканчваецца Вялікі Пост?

—                   Што такое Літургія Раней Асьвячаных Дароў?

—                   Як называецца апошняя нядзеля перад Вялікім Пастом і чаму?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *