Літургіка

1. ЛІТУРГІЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ: УВОДЗІНЫ

У гэтым артыкуле мы адкажам на пытаньні:
—       Навошта нам патрэбна літургічнае жыцьцё?
—       Што такое колы багаслужэньняў ды якія яны бываюць?
—       Што такое «асьвячэньне часу на патрэбу»?

Шаноўныя сябры, вашай увазе прадстаўляецца шэраг артыкулаў напісаных на падставе кнігі протапразбітара а. Барыса Бабрынскага «Літургічнае жыцьцё». Яны могуць быць цікавымі для тых, хто шукае глыбейшага асэнсавання царкоўных багаслужбаў, хто хацеў бы актыўна ўключыцца ў малітву Царквы паводле бізантыйскай традыцыі.

Ці патрэбна літургія?

Перад тым, як распачнем паглыбляцца ў пытаньні багаслужэньня, мне хацелася б перад вамі, сябры, паставіць фундаментальнае пытаньне: ці патрэбнае багаслужэньне, ці патрэбны нейкія зьнешнія формы ў духоўным жыцьці?

Шматлікія хрысьціяне, асабліва пратэстанты, схільныя адкідаць зьнешнія формы. Яны сьцьверджваюць, што наяўнась культу, абраду супярэчыць Бібліі. Аднак жа думаць так – значыць моцна памыляцца.

Сьвятое Пісаньне вучыць нас, што чалавек быў створаны Богам, які ад пачатку зрабіў яго істотай ня толькі духоўнай, але і матэрыяльнай. Бог, стварыўшы чалавека, гаворыць, што стварыў яго добрым (пар. Род. 1, 31). Такім чынам матэрыяльны бок чалавека не зьяўляецца нечым злым.

Вось чаму мы, людзі, будучы матэрыяльнымі, патрабуем зьнешніх знакаў. Вельмі добра разумеў гэта і Ісус, які ўчыніў для людзей шматлікія матэрыяльныя знакі (перамяняў воду ў віно; рабіў бруд, каб памазаць вочы сьляпому; бласлаўляў хлеб і віно на Апошняй Вячэры і г.д.).

Колы багаслужэньняў

Царква асьвячае час, і робіць гэта згодна з натуральнымі рытмамі, якія існуюць у прыродзе. Мова ідзе пра суткі, тыдзень, год. Адпаведна ім існуюць наступныя колы багаслужэньняў: сутачнае кола, тыднявае кола, кола сьвятаў рухомых (інакш пасхальнае кола) ды кола сьвятаў нерухомых.

Адпаведна кожнаму колу існуюць свае літургічныя тэксты (малітвы), які знаходзяцца звычайна ў адмысловых кнігах. Гэтак у сутачнае кола ўваходзяць багаслужэньні ночы і дня: вячэрня, полушніца, ютрань, гадзіны (першая, трэцяя, шостая, дзевятая), абедніца. Тэксты гэтых багаслужэньняў знаходзяцца ў кнізе, якая называецца «Часаслоў» (або па-грэцку Horologion). Пра тэксты «Часаслова» можна сказаць, што гэта такія сталыя часткі багаслужэньня, да якіх (у залежнасьці ад тыдня ды дня месяца) дадаюцца зьменныя часткі.

Наступнае тыдневае кола характарызуецца тым, што зьмяшчае ў сабе літургічныя тэкты васьмі асобных тыдняў, якія сьпяваюцца на сваю ўласную мелёдыю – тон (па-цэркоўнаславянску глас). Адпаведна такіх таноў – восемь, адсюль і паходзіць назва кнігі, якая ўтрымліва гэтыя літургічныя тэксты – Актоіх (Parakletyk, васьмігласьнік). Агулам тэксты Актоіха разлічаны на 56 дзён багаслужэньня на працягу сямі дзён тыдня.

Пасхальнае кола агортвае сабою:

  • тыдні перадпосьця,
  • Вялікі Пост,
  • Вербную Нядзелю,
  • Вялікі Тыдзень,
  • Вялікдзень (Уваскрасеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста),
  • тыдні пасля Уваскрасеньня разам з Узьнясеньнем і Пяцідзесятніцай, аж да нядзелі Усіх Сьвятых уключна.

Тэксты Пасхальнага кола зьмешчаны ў двух кнігах – Постнай Трыёдзі і Пасхальнай (або Кветачнай) Трыёдзі (Triodion, Pentekostarion).

Нарэшце апошняе кола нерухомых сьвят. Да гэтых сьвятаў залічваюцца перад усім сталыя вялікія сьвяты:

  • Нараджэньне Багародзіцы, 8 верасьня,
  • Узвышэньня Крыжа Гасподняга, 14 верасьня,
  • Уваход Найсьвятой Багародзіцы ў сьвятыню, 21 лістапада,
  • Божае нараджэньне, 25 сьнежня,
  • Богазьяўленьне (Хрост Гасподні), 6 студзеня
  • Сустрэча (Сретеніе), 2 лютага,
  • Дабравешчаньне, 25 сакавіка,
  • Перамяненьне Гасподняе, 5 жніўня,
  • Успеньне Найсьвятой Багародзіцы, 15  жніўня.

Да гэтага самага кола належаць таксама сьвяты прысьвечаныя сьвятым ды некалькі сьвятаў, якія маюць уласныя багаслужбовыя тэксты. Усе тэксты кола нерухомых сьвятаў знаходзяцца ў 12 тамах літургічных кнігаў, якія называюцца Мінэі (ад грэцкага слова «месяц»).

Такім чынам, кожнаму месяцу літургічнага году адпавядае адзін том Мінэі. Аднак не на кожнае месцы малітвы можна прынесьці 12 тамоў Мінэй, таму існуе кніга Агульная Мінэя, якая ўтрымлівае агульныя тэксты прароку, апосталу, некалькім апосталам і г.д. Агульная Мінэя звычайна ўжываецца разам з Мінэяй Сьвяточнай, якая утрымлівая тэксты на сьвяты.

Асьвячэньне часу на патрэбу

Багаслужбовая малітва не зьяўляецца адзіным спосабам асьвячэньня часу. Царква па сутнасьці асьвячае час, ня толькі як нейкую рэчаіснасьць незалежную ад нас, але таксама наш уласны час. Яна дае сваё блаславеньне ў такія моманты нашага жыцьця, як нараджэньне, шлюб, хвароба, служба Царкве, сьмерць.

Акрамя гэтага Царква хоча перадаваць Божае бласлаўленьне праз асьвячэньня памяшканьняў, аўтамабіляў ды іншых рэчаў; праз спецыяльныя малітвы перад падарожжам, пачаткам вучобы і г.д. Кніга, у якой зьмешчаны малітвы на асобныя жыцьцёвыя акалічнасьці-патрэбы гэтак і называецца – патрэбнік (па цэркоўна-славянску трэбнік).

***

Праверачныя заданьні:

— Выпішыце па памяці ў слупок назвы багаслужбовых кнігаў, а на супраць кожнай назвы багаслужбовага кола, якому дадзеная кніга адпавядае.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *